У НАН Беларусі адкрылася выстава «Галаграфія-2011», на якой можна ўбачыць найлепшыя ўзоры мастацкай галаграфіі.

Міжнародная выстава мастацкіх галаграмаў сабрала больш за 150 работ з 20 краін, паведаміў на цырымоніі адкрыцця заснавальнік мастацкай і ахоўнай галаграфіі ў Беларусi, старшыня рады дырэктараў ЗАТ «Галаграфічная індустрыя», акадэмік Міжнароднай інжынернай Акадэміі Леанід Танін.

«Каштоўнасць выставы ў тым, што яна аб’ядноўвае вядучых стваральнікаў мастацкіх галаграмаў з розных краін свету, — растлумачыў Леанід Танін.- Я не ведаю прэцэдэнтаў правядзення выстаў мастацкіх галаграмаў з удзелам такой колькасці краін і экспанатаў» — цытуе яго БелТА.

Тэматыка галаграмаў, прадстаўленых на міжнароднай выставе, разнастайная. Наведнікі змогуць убачыць экспанаты беларускіх музеяў, Эрмітажа, Луўра, а таксама рэкламныя постары, мастацкія кампазіцыі, партрэты. Да прыкладу, на аснове экспанатаў Беларускага гістарычнага музея створаная калекцыя галаграмаў «Скарбы зямлі беларускай», у ліку якіх крыж Еўфрасінні Полацкай. Як запэўніваюць стваральнікі мастацкіх галаграмаў, супадзенне арыгіналу і яго трохмернага малюнка амаль стопрацэнтнае. Пераканацца ў гэтым можна самім наведнікам — у выставачнай зале Акадэміі навук для параўнання размешчаныя і рэальныя прадметы, двайнікамі якіх сталі галаграмы. Галаграфічныя тэхналогіі дазваляюць узнавіць трохмерныя выявы фізічных аб’ектаў поўным прайграваннем рэальнасці пры дапамозе гульні святла і выкарыстання законаў оптыкі. Міжнародная выстава мастацкіх галаграм «Галаграфія-2011» будзе адкрытая для наведвання з 3 кастрычніка. Праца экспазіцыі працягнецца да 1 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?