Фота Intex-press

Фота Intex-press

У рэдакцыю «Нашай Нівы» пачалі масава звяртацца чытачы, якія самі або іх родныя з нейкіх прычынаў не змаглі атрымаць 500 тысяч рублёў. Яны скардзяцца, што іх няма ў спісах на атрыманне.

У сувязі з гэтым нагадаем некалькі ключавых момантаў, што датычаць парадку атрымання аднаразовай матэрыяльнай дапамогі.

Хто налічвае грошы:

Аднаразовую дапамогу выплачвае тая ж установа, якая і налічвае пенсію/заробак. Таму ў выпадку, калі вас з нейкіх прычын не ўключылі ў спіс, звяртацца трэба непасрэдна туды.

Дзе атрымаць грошы:

Матэрыяльная дапамога будзе налічаная па месцы атрымання пенсіі (у выпадку з пенсіянерамі) і заробку (для бюджэтнікаў, якія працуюць).

Калі пенсіянер атрымлівае пенсію ў банку, то 500 тысяч яму налічаць на рахунак. Калі на пошце, то там жа і налічаць дапамогу на гародніну. Пенсіянеры, якім пенсію прыносяць на дом, такім жа чынам атрымаюць і дапамогу.

Чаму вас маглі не ўключыць у спіс:

Спісы атрымальнікаў дапамогі з ліку пенсіянераў фармуюцца на падставе пенсійных спраў. Адпаведна, грамадзяне, якія звольніліся з працы да 1 верасня 2011 года, але з нейкіх прычын не праінфармавалі аб гэтым упраўлення сацыяльнай абароны, могуць не патрапіць у спісы. У такім выпадку трэба звярнуцца з працоўнай кніжкай ва ўпраўленне па месцы атрымання пенсіі.

Хто мае права на атрыманне дапамогі:

— непрацуючыя пенсіянеры (незалежна ад памеру пенсіі);

— атрымальнікі дапамогі па доглядзе за дзецьмі ва ўзросце да 3 гадоў; па доглядзе за дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама за інвалідам I групы, састарэлым, якія дасягнулі 80 гадоў; — бацькі, якім выдзяляецца дапамога на дзіця, інфіцыраванае ВІЧ;

— жыхары Беларусі, якія на 1 верасня 2011 г. з’яўляліся працаўнікамі бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да бюджэтнікаў;

— ваеннаслужачым, асобам начальнiцкага i шарагавога складу органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, органаў фінансавых расследаванняў КДК.

На 500 тысяч не могуць прэтэндаваць:

— пенсіянеры, якія працуюць;

— асобы, якія па стане на 1 верасня 2011 г. знаходзіліся на дзяржзабеспячэнні;

— асобы, якія атрымліваюць пенсіі з іншых дзяржаў і беларускую пенсію за мяжой.

— вайскоўцы тэрміновай службы;

— асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.

Калі вы ёсць у спісе, але з нейкіх прычыне не паспелі атрымаць дапамогу ў верасні, такая магчымасць у вас захоўваецца ў кастрычніку, гарантуюць у Міністэрстве працы і сацабароны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?