Краіны Сярэдняй Азіі рыхтуюцца амаль удвая нарасціць магутнасць газаправода, па якім туркменскі газ, а ў перспектыве і казахстанскі, ідзе ў Кітай.
Такое пашырэнне можа ўзмацніць пазіцыі Кітая ў перамовах з «Газпромам».

Казахстан ухваліў пашырэнне газаправода Туркменістан — Узбекістан — Казахстан — Кітай, паведамляе Газета.ru.

Цяпер магутнасць трубы складае 30 млрд кубаметраў у год, плануецца яе павелічэнне да 55 млрд кубоў.

Пакуль пашырэнне трубы плануецца «на выраст», бо на дадзены момант цалкам не выкарыстоўваецца і цяперашняя магутнасць газаправода: з мінулага года па яго было перапампаваныя 15,5 млрд кубаметраў. Але Туркменія цалкам можа забяспечыць яго напаўняльнасць.

Мяркуецца, што нарошчванне аб’ёмаў прапампоўвання дазволіць Казахстану газіфікаваць Паўднёва-Казахстанскую, Жамбульскую, Алма-атынскую і Кызылардынскую вобласці. Але не выключана, што Казахстан будзе экспартаваць у Кітай і свой уласны газ з радовішча Карачаганак (яго запасы складаюць каля 1,3 трлн кубоў).

Пашырэнне газаправода, які злучае радовішчы Туркменіі з Кітаем, можа пашкодзіць інтарэсам «Газпрома».

Расійская манаполія ўжо не першы год спрабуе дамовіцца з КНР аб пастаўках газу, але пакуль бакі змаглі ўзгадніць толькі маршруты і аб’ёмы. Пытанне цаны па-ранейшаму адкрытае
: «Газпром» настойвае на еўрапейскай цане (сярэдняя ў 2011 годзе — $ 350 за 1 тыс. кубаметраў), Кітай хацеў бы атрымліваць расейскі газ па $ 250.

Адзін з асноўных аргументаў Кітая ў перамовах з Расеяй —

Туркменістан прадае свой газ у КНР па кошце ў $ 160.

Зрэшты, адзначаюць эксперты, пашырэнне сярэднеазіяцкай трубы можа пайсці Расіі і на карысць.

Туркменскі газ, калі б ён быў накіраваны на рынак Еўропы, мог бы выціснуць расійскі. Таму для Расеі выгадна, што Кітай адцягвае гэтыя аб’ёмы на сябе.

Тым часам

еўрапейскія спажыўцы газу працягваюць ціснуць на «Газпром».
Пасля Еўракамісіі, Германіі і Турцыі прэтэнзіі да манаполіі прад’яўляе Польшча. Варшава патрабуе перагледзець формулу цаны і ў выпадку адмовы абяцае звярнуцца ў Стакгольмскі арбітраж. Эксперты кажуць, што ў цяперашняй сітуацыі ў «Газпрома» няма выйсця:
ён вымушаны будзе даваць еўрапейскім партнёрам зніжкі. Іх памер можа скласці 15–25%.

Польшча матывуе свае патрабаванні тым, што «Газпром» у 2011 годзе даў 15-працэнтную зніжку Латвіі і Эстоніі, а таксама ўвёў спотавы складнік у формулы цаны для германскай E. On, французскай Gaz de France і італьянскай Eni.

У Еўропе на «Газпром» ціснуць літаральна з усіх бакоў.

Працягваецца суд з E.On, якая патрабуе зніжэння цаны; праводзіцца расследаванне Еўракамісіі, якая падазрае «дочкі» «Газпрома» ў парушэнні антыманапольнага заканадаўства Еўрасаюза. Турцыя заявіла, што не будзе падаўжаць кантракт на пастаўку 6 млрд кубаметраў газу, бо «Газпром» не даў ёй патрабаванай зніжкі ў 20%.

На дадзены момант, адзначаюць эксперты, манаполія ў складаным становішчы: у Еўропе рэцэсія, з прычыны чаго еўрапейскія спажыўцы не могуць сабе дазволіць купляць дарагі газ. Акрамя таго,

«Газпром» патроху губляе пазіцыі ў Расіі: у мінулым годзе каля 30% унутранага спажывання было забяспечана незалежнымі вытворцамі газу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?