Журналісты баранавіцкай незалежнай газеты «Intex-press» высветлілі, як жыхары горада ставяцца да ініцыятывы правядзення Народнага сходу. Аказалася, што большасць апытаных жыхароў Баранавіч нічога не чулі пра Народны сход.

У той жа час адзін з ініцыятараў акцыі Віктар Івашкевіч, які перад мерапрыемствам наведаў Баранавічы, лічыць, што значная частка жыхароў Беларусі ведае, пра Народны сход.

Па словах Івашкевіча, ідэя правесці Народны сход паўстала паўгады таму. Пасля ўвесь гэты час вялася падрыхтоўчая праца. Мэты акцыі — пратэст супраць пагаршэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне і вызваленне ўсіх палітвязняў.

«Народны сход адбудзецца 8 кастрычніка а 13:00 у 28 гарадах Беларусі, — кажа Віктар Івашкевіч. — У Баранавічах ён будзе праходзіць у Старым парку, які вызначаны мясцовым заканадаўствам як месца для правядзення пікетаў і мітынгаў, хаця, у прынцыпе, сходы могуць праходзіць дзе заўгодна. Беларускае заканадаўства дазваляе грамадзянам збірацца на Народны сход без заявак і дазволаў, каб абмеркаваць праблемы, якія іх хвалююць».

Івашкевіч лічыць, што значная частка жыхароў Беларусі ведае, пра Народны сход. Па яго словах, міні Народныя сходы ўжо паўгода праходзяць штодня на кухнях амаль у кожнай кватэры. «Хопіць ужо маўчаць на акцыях пратэсту, трэба выказвацца, агучваць свае патрабаванні» — адзначыў ён.

Віктар Івашкевіч таксама спадзяецца, што ўлады паставяцца да Сходу стрымана. Аргкамітэты ўсіх гарадоў даслалі запрашэнні на Народны сход мясцовым уладам, і Баранавічы не з’яўляецца выключэннем. «Далей справа за чыноўнікамі — ці ёсць ім што сказаць людзям?» — кажа Івашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?