«Памірыліся з бацькамі. У нечым я саступіў, у нечым яны. Усё вельмі добра цяпер. Спакойна», — сказаў юнак у размове з журналістам «НН».

Раней мы пісалі пра 16-гадовага школьніка, які пакінуў сям’ю праз ідэйны канфлікт з бацькамі. Падставай стаў удзел Рамана ў маўклівай акцыі пратэсту. Па словах юнака, праз свае палітычныя перакананні яму давялося перайсці з Ліцэя БНТУ ў звычайную сярэднюю школу.

Наталля Пратасевіч, маці Рамана, перад вяртаннем сына расказала пра сутнасць канфлікту ў сям’і. Яна адзначыла, што непаразуменні з сынам узніклі перад маўклівай акцыяй 21 верасня. Раніцай яна з мужам адгаворвала сына ісці на мерапрыемства. Жанчына кажа: «Справа нават не ў тым, што я за кагосьці альбо супраць. А ў тым, што Раман яшчэ непаўналетні, ды і ўсе ведаюць, як людзі пры разгонах такіх акцый церпяць.» Але Раман сказаў, што ў любым выпадку пойдзе.

«Тут палітыка ні пры чым»,
— сказала Наталля. Але адзначыла, што спачатку Раман павінен атрымаць адукацыю, а пасля ўжо сам зробіць свой выбар. «Усё павінна быць законна. Дзеці не павінна займацца палітыкай. Гэтым павінны займацца дарослыя».

Яна кажа, што гатовая адправіць сына вучыцца ў ВНУ ў Польшчу, калі той так хоча. Але падкрэслівае, што толькі законным спосабам і пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі. З СШ №94, куды Раман перайшоў з Ліцэя БНТУ, бацькі дакументы забралі. Па словах Наталлі, яны былі не да канца аформлены. Пакуль юнак у школу не ходзіць, бо не ведае, ці вернецца ў старую, ці пойдзе ў новую.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?