У сусветныя трэнды Twitter трапілі адразу некалькі словаў, звязаных са смерцю Джобса.
Карыстальнікі пішуць RIP Steve Jobs (спачывай з мірам, Стыў Джобс), # ThankYouSteve (Дзякуй, Стыў) і # iSad, выказваючы смутак з нагоды смерці заснавальніка Apple.

Акрамя таго, карыстальнікі ўспамінаюць Apple II — першы кампутар, што серыйна выпускаўся кампаніяй. У твітары людзі расказваюць свае гісторыі, звязаныя з гэтым кампутарам, а таксама іншымі прадуктамі кампаніі.

У твітары пра смерць Джобса пішуць многія вядомыя людзі. Так, яго смерць пракаментаваў былы губернатар Каліфорніі Арнольд Шварцэнэгер.

«Стыў пражываў каліфарнійскую мару кожны дзень свайго жыцця, і ён змяняў свет і натхняў усіх нас», — напісаў Шварцэнэгер.

Памочнік прэзідэнта Расіі Аркадзь Дварковіч таксама далучыўся да тых, хто ўспамінае Джобса.

«Апладысменты Стыву Джобсу за тое, што ён паспеў зрабіць за не вельмі доўгае жыццё», — піша ён.

У інтэрнэце з’явіўся сайт, які зрабіў пятніцу, 14 кастрычніка, днём Стыва Джобса.

Стваральнікі сайта прапануюць у гэты дзень апрануцца, як апранаўся Джобс, у чорную вадалазку і джынсы, і апублікаваць сваё фота ў інтэрнэце.
Акрамя таго, каб ушанаваць памяць Джобса, сайт прапануе ўсім карыстальнікам памяняць 14 кастрычніка фота ў сацыяльных сетках на фота Джобса, а таксама расказаць у інтэрнэце, як кампанія Джобса паўплывала на жыццё кожнага, выкарыстоўваючы хэштэг #stevejobsday.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?