Навукоўцы з Нью-ёркскай лабараторыі па вывучэнні ствалавых клетак упершыню выкарысталі тэхналогію кланавання для стварэння індывідуальных ствалавых клетак чалавека,
паведамляюць інфармагенцтвы.

Генетычны матэрыял, здабыты з саматычнай клеткі скурнага покрыва чалавека, быў перанесены ў чалавечую яйкаклетку. Пасля яна была выкарыстаная для стварэння эмбрыёна на ранняй стадыі развіцця.

Аўтары даследавання кажуць, што іх працы дазваляюць па-новаму зірнуць на працэс атрымання ствалавых клетак. Да гэтага часу эмбрыянальныя ствалавыя клеткі атрымлівалі менавіта з эмбрыёнаў, у дадзеным жа выпадку паўнавартаснага апладнення не адбываецца. Тэхнічна, для донараў яйкаклетак гэты метад можна будзе параўнаць з ахвяраваннем яйкаклеткі пад звычайнае экстракарпаральнае апладненне.

Амерыканскія даследнікі спрабавалі даказаць магчымасць выкарыстання тэхналогіі кланавання для ўзнаўлення эмбрыянальных ствалавых клетак, якія б цалкам адпавядалі ДНК пэўнага чалавека. Канчатковая мэта даследавання заключаецца ў стварэнні плюрыпатэнтных клетак, прыдатных для ўніверсальнага выкарыстання. Дадзеныя клеткі не будуць мець негатыўных наступстваў з пункту гледжання імуннай сістэмы, што істотна павышае поспех ін’екцый ствалавых клетак.

На думку навукоўцаў, гэтае адкрыццё зможа даць каласальныя вынікі ў будучых падыходах да лячэння такіх захворванняў, як дыябет,
а таксама пасля далейшага вывучэння дазволіць пазбягаць рэакцыі адрынання клетак імуннай сістэмай пацыента. У той жа час чакаецца, што даследаванне выкліча новы ўсплёск актыўнасці праціўнікаў выкарыстання ствалавых клетак.

Ствалавыя клеткі, сцвярджаюць спецыялісты, з’яўляюцца будаўнічым матэрыялам для ўсяго арганізма і ўяўляюць надзвычайную цікавасць у вывучэнні рэгенерацыі тканін.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?