У нядзелю мне пашанцавала апынуцца на сапраўдным свяце Беларускай душы — у мястэчку Талька, а дакладней, ля Талькі, у казачным па сваёй прыгажосці лесе.
Чаму фэст не праходзіць у самой вёсцы, куды было б зручней дабірацца гасцям і ўдзельнікам, можа патлумачыць (але і ў гэтым я не ўпэўнены) толькі абмежаванасць мясцовых улад, якія бездакорна падпарадкоўваюцца загадам зверху. А тым і лепш! Надвор’е спрыяла сяброўскай сустрэчы аматараў не толькі сапраўднай беларускай музыкі і паэзіі, але і людзей, якім неабыякавая будучыня сваёй краіны.

Перш за ўсё,

трэба выказаць падзяку Наталлі Валянцінаўне Ільініч, якая — нягледзячы на ўсе абставіны і перашкоды — збірае аднадумцаў у гэтым цудоўным месцы, што апяваў у сваіх творах Колас.
А таксама Андрэю Мельнікаву, які звязаў імя расейскага барда Ігара Талькова з назвай вёскі. Меркаванне хутчэй за ўсё недакладнае, але на падставе гэтага з’явілася добрая традыцыя.

Спачатку ўсім прысутным прапанавалася паслухаць песні і вершы ўдзельнікаў фэсту. Ганна Чумакова, Раман Абрамчук, Аляксей Галіч, Мікола Рудакоўскі, Андрэй Мельнікаў — гэта не проста спевакі, іх творы шчырыя, выяўляюць сапраўдныя пачуцці. А 

тандэм Таццяны Барысік і Ігара Сімбірова ўвогуле ўразіў (са станоўчага боку, вядома) нестандартным выкананнем.
Жадаю ім і далей цешыць прыхільнікаў сваімі цудоўнымі творамі.

Дэкламаванне вершаў таксама пакінула свой адбітак у сэрцы кожнага. Балада Віталя Быля, студэнта гістфака, пра мужнага ірландца Роры, які ратаваў сваю краіну, дагэтуль круціцца ў галаве. І

на пытанне, дзе знайсці такога для свайго краю, адказ знаходзіцца сам па сабе — Роры жыве ў кожным з нас, вось толькі абудзіць яго не кожнаму пад сілу.
Хвалюючыя, па-свойму выдатныя творы прапанавалі нам Аляксей Карпенка з Магілёва, Таццяна Маслоўская з Міханавічаў, Уладзімір Рунцэвіч з Мар’інай Горкі. Усіх удзельнікаў і не ўзгадаю, але дзякуй усім, хто лічыць высакародным выказваць свае думкі праз сапраўднае майстэрства слова.

Сярод гасцей фэсту былі і такія людзі, якія сваімі справамі заслугоўваюць статуса герояў — Абразоўскі Сяргей са Свіслачы, арганізатар пратэстаў супраць будаўніцтва Дружненскага хімзавода,

і Ханжанкоў Сяргей Мікалаевіч, які з таварышамі ў далёкія шасцідзесятыя спрабаваў узарваць «глушылку» замежных радыёстанцый, за што апынуўся ў ГУЛАГу.

А далей былі і размовы сяброў пад кубак гарачай гарбаты, і гульні, як традыцыйна беларускія («Баяры», «Шуляк»), так і замежныя (Яўген з Магілева паказаў цікавую шведскую народную гульню). А калі падаспеў дудар, то знайшоўся час і для танцаў, куды ж без іх!

«Падыспань», «Базар», «Ойра» і мноства іншых танцаў (усіх і не запомніш) разагрэлі натоўп і…

вось толькі часу і не хапіла, бо ў такой вясёлай кампаніі гадзіны лятуць хутка
, і многім трэба адпраўляцца дахаты. Сонца неўзабаве схавалася за велічныя дрэвы, якія штогод бываюць сведкамі свята Беларускай душы…

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?