Кіраўнік дынамічнай прэзыдэнцкай рэспублікі ці апошні дыктатар Эўропы? Меркаваньні адносна Аляксандра Лукашэнкі разыходзяцца. Да вольных СМІ краіна не гатовая, кажа прэзыдэнт у інтэрвію "Вэльт" – і тлумачыць, чаму ён адпрэчвае дэмакратыю на эўразьвязаўскі кшталт.

Аляксандар Рар: Спадару прэзыдэнт, з усіх кіраўнікоў дзяржаваў СНД вы найбольш загадкавы. Хто вы на самой справе?

-- Я самы адкрыты прэзыдэнт сьвету, не люблю PR і не дазваляю, каб мяне фатаграфавалі ў касьцюмах для спартовых адзінаборстваў дзеля паказухі. На Захадзе адносна мяне склаўся памылковы вобраз. Магчыма, мне трэ было быць больш стрыманым у некаторых выказваньнях. Прэзыдэнт краіны, што не валодае атамнай зброяй і знаходзіцца ў эканамічнай залежнасьці ад іншых дзяржаваў, ня можа быць дыктатарам. Многім не падабаецца нашая сацыяльная сыстэма эканомікі. Мы не праводзілі бясплянавай прыватызацыі, і ў нас менш галечы, чым у Расеі. Асабіста я нічога ня скраў, і ў мяне няма рахункаў у замежных банках.

-- ЭЗ крытыкуе вас, бо Беларусь адпрэчвае эўрапейскую сыстэму вартасьцяў.

-- Беларусь ляжыць у цэнтры Эўропы, у нас аднолькавыя вартасьці, адно што мы маем спэцыфічныя нацыянальныя інтарэсы. Напрыклад, нашая сацыялістычная эканоміка грунтуецца на моцнай дязржаве. Для Захаду прыватная ўласнасьць – гэта “сьвятарная карова”. У нас жа мадэрнізацыя нармальна адбываецца таксама і ў дзяржаўным сэктары эканоміцы. Прынамсі падчас нашага апошняга нафтавага крызісу з Расеяй Захад упершыню рабіў пра нас аб’ектыўныя паведамленьні.

-- Ці спрэчка з Расеяй наблізіла Беларусь да Захаду?

-- Гэтага я ня ведаю. Аднак Захад зразумеў: заўтра Расея можа перакрыць і яму кран.

-- Аднак вашая эканоміка застаецца залежнай ад Расеі?

-- Не бывае цалкам незалежных эканамічных сыстэмаў. Расейская эканоміка, што амаль цалкам базуецца на экспарце энэрганосьбітаў, таксама залежыць ад эўрапейскіх спажыўцоў і ўсё мацней -- ад кітайскіх. Госпад Бог адарыў Расею багатымі рэсурсамі. Гэтыя рэсурсы Расея сёньня выкарыстоўвае ў якасьці рычагу ціску ў сусьветнай палітыцы. Нас Госпад Бог адарыў іншым рэсурсам: нашым геаграфічным становішчам – становішчам транзытнай краіны ў Эўропе. Гэты рэсурс хаця і менш каштоўны, аднак мы будзем яго выкарыстоўваць.

-- Уладзімер Пуцін сказаў, што Расея субсыдуе 41 адсотак бюджэту Беларусі...

-- У Расеі разгортваецца камэдыя. Пасьля таго, як расейская грамадзкасьць запыталася, чаму Крэмль душыць сваіх братоў-славянаў, Пуцін мусіў гэткім чынам апраўдвацца перад уласным народам. Расейскае насельніцтва адмоўна адрэагавала на тое, што нам другі раз пасьля 2004 г. перакрылі энэргетычны кран. Расейцы і беларусы – браты па крыві. Нашы народы аб’ядноўвае моцнае пачуцьце салідарнасьці, якое падтрымліваецца ўспамінамі з Другой сусьветнай вайны. Беларусь страціла падчас нападу Гітлера на Расею траціну свайго насельніцтва.

-- Ці шукае Пуцін канфрантацыі?

-- Расейскі ўрад хацеў прадаваць нам газ па цэнах 200 даляраў за 1000 кубамэтраў – па такіх жа цэнах, як і Нямеччыне. Ужо ў 2004 г. “Газпром” падвысіў нам цэны ў два разы. Цяпер, два гады пазьней, адбылося яшчэ адно падваеньне коштаў. Якая эканоміка вытрымае такое? Расея і ў сябе падвысіла ўнутраныя кошты на 15 адсоткаў. Колькі крытыкі вылілася тады на расейскі ўрад з боку прадпрыемстваў! На нас “Газпром” проста хацеў зарабіць дадатковыя два мільярды даляраў. За пастаўкі нафты ў Беларусь Расея раптоўна запатрабавала экспартны мытны збор у памеры 180 даляраў за тону, каб атрымаць яшчэ тры мільярды. Усяго пяць мільярдаў дадатковага прыбытку! Цяперашні бюджэт Беларусі складае 14 мільярдаў даляраў. З боку Расеі гэта быў прымітыўны, але неабдуманы разьлік! Ніхто ў Беларусі ніколі ня будзе купляць расейскі газ за 200 даляраў. Далей: Расея запатрабавала ад нас за сваю нафту суму, нашмат вышэйшую за сусьветную. Расейцы ўвялі свой экспартны мытны збор, мы ў адказ на гэта ўзнялі транзытную пошліну. Насамрэч, мы можам купляць нафту і ў іншым месцы, да таго ж таньней. Нам не патрэбная гэтая расейская сыравіна. Дзе гэтыя мільярды даляраў, якімі Расея нібы субсыдуе нашую эканоміку? Калі б гэта сапраўды было так, у нас былі б нашмат лепшыя стасункі з Масквой. Цяпер жа Расея сваімі паводзінамі разбурыла наш мытны саюз. Мы прымем контрамеры і запатрабуем зямельны падатак за транзыт расейскіх энэрганосьбітаў праз нашую тэрыторыю. У сувязі з гэтым мы паглядзелі, як у прававых адносінах рэгулюецца транзыт энэрганосьбітаў у Амэрыцы. Мы мусім кампэнсаваць падвышэньне цэнаў з боку Расеі.

-- Расея папракае Беларусь у тым, што яна купляе расейскую нафту па нізкіх коштах, пераапрацоўвае яе і перапрадае па цэнах сусьветнага рынку.

-- Гэта абсалютная бязглузьдзіца. Мы купляем расейскую нафту па сусьветных цэнах, дарэчы, мы плоцім за тону на 40 даляраў больш за Ўкраіну. Восем мільёнаў тонаў мы спажываем самі, 20 мільёнаў мы пераапрацоўваем на нашых нафтаперагонных заводах і прадаем яе як змазку й паліва. Гэтак жа, як робяць іншыя прамысловыя дзяржавы, уключаючы Нямеччыну, з расейскай нафтай.

-- У 90-я гг. вы былі палкім прыхільнікам аб’яднаньня з Расеяй. Сёньня вы больш не жадаеце гэтай інтэграцыі, аднак для Пуціна, магчыма, было б важна скончыць свій прэзыдэнцкі тэрмін у якасьці зьбіральніка расейкай зямлі. Аб’яднаньне зь Беларусьсю магло б таксама стварыць сытуацыю, якая б дазволіла Пуціну застацца на трэці тэрмін.

-- Пра апошні варыянт я чуў ад іншых асобаў, аднак не ад самога Пуціна. У выпадку, калі ён такім чынам жадае застацца ўва ўладзе, ён павінен быў бы сказаць мне пра гэта адкрыта, як мужчына мужчыну. Сам я абраў сумленны шлях і спытаў сваё насельніцтва на рэфэрэндуме, ці можна мне кіраваць далей, хаця згодна з старой Канстытуцыяй час майго знаходжаньня на пасадзе скончыўся. 90 адсоткаў выказаліся за мяне, і мяне трэці раз абралі прэзыдэнтам. Але я ніколі не пагаджуся з паглынаньнем Беларусі Расеяй. Я не для таго абіраўся першым прэзыдэнтам сваёй краіны, каб празь дзесяцігодзьдзе сьцерці сваю краіну з мапы Эўропы. Не, мы хочам па-ранейшаму саюзную дзяржаву з Расеяй, дзе абедзьве дзяржавы будуць раўнапраўнымі.

-- Вы адмовіліся для Беларусі ад расейскага рубля як адзінай валюты?

-- Калі ў Маскве зразумелі, што Лукашэнка не пакіне на волю лёсу незалежнасьць сваёй краіны, нам пачалі навязваць рубель як адзіную валюту. Мы ўбачылі ў гэтым каварны манэўр – жаданьне адабраць нашую незалежнасьць акольным шляхам. Але мы не жадаем атрымліваць сабе заробкі ў Крамлі. Урэшце, наш беларускі рубель мацнейшы за расейскі, інфляцыя ў нас у два разы ніжэйшая за інфляцыю ў Расеі. Ніхто ў Беларусі не падтрымаў бы мяне, калі б я здаў цяпер нашую валюту.

-- Ці маглі б вы сабе ўявіць, што калі-небудзь вы зьменіце сваю валюту на эўра?

-- У жыцьці ўсё магчыма. Мы б хацелі, каб ЭЗ адкрыў свой унутраны рынак для нашай прадукцыі, каб мы маглі канкураваць там. Менавіта нямецкія прадпрымальнікі называюць нашую эканоміку больш стабільнай у параўнаньні з многімі іншымі ўсходнеэўрапейскімі дзяржавамі.

-- Ці чакаюць у Беларусі заходніх інвэстараў?

-- Энэргетычны канфлікт з Расеяй якраз і паказаў, наколькі нам патрэбныя інвэстары з Эўропы і ЗША. Калі б заходнія энэргетычныя канцэрны мелі долю ў беларускіх энэргатранспартных сыстэмах, Расея б не паводзіла сябе ў дачыненьні да нас так жорстка. У Расеі вочы загараюцца, калі гутарка заходзіць пра будучую прыватызацыю беларусай дзяржаўнай прамысловасьці. Нашая прамысловая вытворчасьць ужо ў Савецкім Саюзе была арыентаваная на экспарт на Захад. Мы мусім нашмат лепш выкарыстоўваць наша геаграфічнае становішча. Неўзабаве павінны быць распрацаваныя канкрэтныя інвэстыцыйныя праграмы.

-- Многія палітыкі ў ЭЗ прызнаюць, што большасьць беларускага насельніцтва падтрымлівае Лукашэнка. Разам з тым мы задаем сабе пытаньне, чаму Лукашэнка, якому цяпер няма чаго баяцца паразы, перакрывае доступ апазыцыі да СМІ.

-- Нідзе на сьвеце няма роўнага доступу да СМІ. Паглядзіце на Расею. Усе тэлевізійныя кампаніі прытрымліваюцца адной лініі. Падчас канфлікту з Расеяй я хацеў зладзіць у Маскве прэс-канфэрэнцыю, каб выказаць свой пункт гледжаньня. Крэмль забараніў гэтую прэс-канфэрэнцыю. У адказ на гэта я ўвогуле адмовіўся ад паездкі.

-- Параўнаньне з Расеяй кульгае. Давайце параўнаем Беларусь лепш з Украінай, там ёсьць свабодная прэса...

-- Барані нас Божа ад украінскіх парадкаў у Беларусі!

-- Я кажу пра свабодныя СМІ...

-- СМІ могуць дзейнічаць як агнястрэльная зброя. Журналісты могуць забіць як дэмакратыю, так і таталітарную сыстэму, і зрабіць шкоду грамадзтву. Ва Ўкраіне пануе безуладзьдзе, таму там у СМІ анархія. Украінская канстытуцыйная рэформа адкінула краіну назад у яе разьвіцьці. Я лічу, што былыя савецкія рэспублікі не гатовыя для парлямэнцкай рэспублікі. Возьмем прыклад Беларусі. Пасьля распаду СССР мы былі парлямэнцкай рэспублікай. 350 дэпутатаў хацелі кіраваць краінай, аднак ніхто ні за што не адказваў. Яшчэ крыху, і нашыя дэпутаты сталі б такімі ж карумпаванымі, як у Расеі ці Ўкраіне. У Беларусі, зрэшты, парлямэнт сам вырашыў ператварыць краіну ў прэзыдэнцкую рэспубліку. Цяпер мы маем стабільнае становішча. Што тычыцца свабоды прэсы: нямецкія СМІ маюць іншую традыцыю. Журналісты нясуць за свае публікацыі асабістую адказнасьць. У нас жа пануе безадказнасьць. Аднак апазыцыя ў Беларусі зусім не забароненая. Мы маем адкрытаю інфармацыйную прастору. Euronews, Rtvi, радыё “Свабода”, CNN за заходнія грошы перадаюць на нашых частотах. Яны і расейскія СМІ прастрэльваюць нашую краіну з Захаду на Ўсход і наадварот. Нашая апазыцыя паўсюль прысутнічае ў гэтых СМІ. Беларусь – маленькая краіна. На працягу аднаго дня можна аб’ехаць усю яе тэрыторыю і правесьці паўсюль выбарчую кампанію. Гэта робіць і наша апазыцыя. Аднак наш народ яе адкідае.

-- Чаму?

-- Бо нашы апазыцыянэры часьцей бываюць на Захадзе, чым дома. Яны атрымліваюць на Захадзе грошы і вяртаюцца назад з дапамогай заходніх фондаў. Многіх зь іх лёгка падкупіць. Як беспрацоўны старшыня партыі, які задэкляраваў месячны заробак у памеры 100 даляраў, можа пабудаваць прыватную вілу? У Нямеччыне яго б ужо даўно наведала падатковая паліцыя. Я даў апазыцыі магчымасьць выступіць у нас на тэлебачаньні. Аднак сваімі дурнымі выступамі яны згубілі падтрымку насельніцтва і атрымалі на выбарах толькі 1,5 адсоткаў.

-- Мы жывём у часы CNN. Некаторыя журналісты на Захадзе могуць рабіць староньнія паведамленьні пра Беларусь, аднак калі мы бачым у тэлебачаньні, як паліцыя разганяе мірныя дэманстрацыі...

-- У Францыі і Нямеччыне паліцыя гэта таксама робіць. І прымяняе сьлёзацечны газ. Мы, дзякуй Богу, не выкарыстоўваем такія экстрэмальныя сродкі. Эўропа мусіць навучыцца лепш нас разумець. Момант цяпер спрыяльны для гэтага. Беларусь дапамагае ЭЗ абараніць яго ўсходнія межы. Мы ловім большасьць нелегальных мігрантаў і крымінальных злачынцаў, якія імкнуцца з Усходу ў ЭЗ, і адсылаем іх туды, адкуль яны прыйшлі. Мы трацім на гэта значныя фінансавыя сродкі і ствараем для Эўропы абаронны вал. Сёньня нелегалы прабіраюцца на Захад праз Прыбалтыку і Ўкраіну. Нашая ж мяжа шчыльная. І як нам аддзячвае ЭЗ? Супраць нас уводзяцца эканамічныя санкцыі і Беларусь пазбаўляюць мытных прэфэрэнцыяў. Нам трэба лічыцца з стратамі ў памеры 300 мільёнаў даляраў. Мы будзем кампэнсаваць іх шляхам падвышэньня транспартных тарыфаў на эўрапейскія транзытныя грузы, якія ідуць праз нашую тэрыторыю ў Расею. На гэтых новых тарыфных зборах мы маглі б зарабіць да мільярда даляраў. Аднак я, насамрэч, не жадаю новага канфлікта з ЭЗ. Наадварот, ЭЗ нам патрэбны як партнёр пры дывэрсыфікацыі нашай энэргетычнай палітыкі.

-- ЭЗ гатовы пры пэўных абставінах працягнуць вам руку. Але ж ЭЗ мусіў з расчараваньнем канстатаваць, што падчас беларускіх мясцовых выбараў тыдзень таму з афіцыйнага боку зноў была маніпуляцыя

-- Крытычная заява была даўно загадзя падрыхтаваная амэрыканцамі, ЭЗ толькі падтакваў. ЭЗ і Нямеччына мусілі б заняць больш самастойную пазыцыю. Фэдэральны канцлер Ангела Мэркель на пасадзе старшыні ЭЗ павінна была б праявіць больш інтарэсу да Беларусі. Мы хочам быць кемлівымі вучнямі. Я хачу, каб Беларусь выглядала некалі так, як Нямеччына ці Швэцыя. Да гэтага часу Захад нас, аднак, увесь час адштурхоўваў. Цяпер надышоў момант выпрабаваць новыя магчымасьці дла супрацоўніцтва. Давайце пачнем адкрыты, шчыры дыялёг. Чаму спадарыня Мэркэль не паразмаўляе з тымі, хто часьцяком бывае ў Беларусі? Перад маёй паездкай у Вэнэсуэлу я зьвяртаўся па незалежную параду. Захад мусіў бы перш за ўсё адмовіцца ад сярэднявечнай забароны на ўезд беларускіх палітыкаў у Эўропу. Мы ня можам крычаць праз плот. Нядаўна ў нас быў старшыня Рады Эўропы і тлумачыў, што хоча данесьці да нас правы чалавека. Якія правы чалавека ён мае на ўвазе? У разьвіцьці свабоды прэсы, пра якую Вы казалі, у нас, магчыма, яшчэ ёсьць недахопы, аднак ЭЗ павінен прызнаць, што людзі ў нас могуць адчуваць сябе бясьпечна. Узровень злачыннасьці ў нас – адзін з самых нізкіх у Эўропе, і ва ўсіх людзей ёсьць праца.

-- 2007 год будзе для Беларусі вырашальным. Вам неабходна дывэрсыфікаваць эканоміку, а таксама па-новаму пабудаваць адносіны з Расеяй. Магчыма, вы яшчэ зможаце дамовіцца з пераемнікам Пуціна?

-- З аднаго боку, Расея грае сваімі новымі энэргетычнымі мускуламі і лічыць, што зможа зноў заваяваць сьвет. Расейкая эліта зрабілася ганарыстай, аднак гэта зьменіцца пасьля таго, як зьніжацца цэны на энэрганосьбіты. Зь іншага боку, нам ня варта дэманізаваць Пуціна. Няма асабістай варожасьці паміж Пуціным і Лукашэнкам. Я як ніхто іншы ведаю Пуціна. Ён шчыры чалавек, і ў яго ясны розум. Калі ён хоча аб’яднаць славянскі сьвет, ён мусіць рабіць гэта інакш. Барыс Ельцын ведаў, як пераканаць сваіх суседзяў Украіну і Казахстан у рэінтэграцыі. Ён ніколі не злоўжываў уладай, да таго ж тады і энэрганосьбіты былі надта таннымі. Ельцын увесь час казаў пра раўнапраўныя адносіны, і сёньня ён заклікае расейскае кіраўніцтва да больш разумных дзеяньняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?