Выбітны чэшскі палітык Вацлаў Гавел даў сваю згоду далучыцца да Міжнароднага камітэту ў падтрымку вылучэння арыштаванага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міра 2012 году. Былы прэзідэнт Чэхіі паведаміў пра сваё рашэнне далучыцца да Міжнароднага камітэту ў лісце да Аляксандра Мілінкевіча. Лідар Руху «За Свабоду» даслаў адпаведную прапанову Вацлаву Гавелу ад імя ініцыятыўнай групы.

У сваім лісце Вацлаў Гавел падкрэслівае, што ён з радасцю далучаецца да міжнароднай ініцыятывы па падтрымцы вылучэння Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міра і што сам у патрэбны час напіша намінацыйны ліст.

— Мы вельмі радыя атрымаць станоўчы адказ ад легенды змагання за свабоду і дэмакратыю ў нашым рэгіёне, чакаем адказы яшчэ ад шэрагу іншых знакавых асобаў і рыхтуем далейшыя крокі кампаніі ў падтрымку Алеся Бяляцкага, — падкрэсліў дарадца старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец, які разам з Аляксандрам Мілінкевічам прадстаўляе Рух у ініцыятыўнай групе.

Алесь Лагвінец нагадаў, што ў склад Міжнароднага аргкамітэту на сённяшні дзень уваходзяць старшыня Маскоўскай Хельсінкскай групы Людміла Аляксеева, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека (FIDH) Сухайр Белхасэн, выканаўчы дырэктар Фундацыі дамоў правоў чалавека Марыя Дале (Нарвегія), Старшыня Нацыянальнай фундацыі падтрымкі дэмакратыі Карл Гершман (ЗША), Старшыня «Фрыдам Хаус» Дэвід Крэймер (ЗША), рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Анатоль Міхайлаў, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, дэпутат Бундэстага Марылуіза Бэк, нямецкі дыпламат Ханс-Георг Вік, а таксама кіраўнікі найбуйнейшых праваабарончых арганізацыяў скандынаўскіх краінаў і Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?