Ксеракс для золата

Анекдот: «Сядзіць за сталом кампанія. Адзін кажа:

— Нада ізабрэсці машыну ўрэмені, вярнуцца ў дзевяностыя, накупіць дзяшовых кітайскіх часоў і прадаць тут у нас па цяперешнім цэнам.

Другі гаворыць:

— Не, нада ізабрэсці такой ксеракс, каторый ксерыл бы не ізабражэнія, а прадметы. І ксерыць золато, ксерыць, ксерыць…

Трэці, самы галоўны, сіпатым голасам, кажа:

— Ну што, гаспада міністры, есць ішчо прэдлажэнія па вываду страны із крызіса?»

Раз дайшла справа да ксеракса для золата, дык, хоць я і не міністр, выкажу і свае прэдлажэнія.

Якая розніца паміж Украінай і Беларуссю?

Гэтым летам мне давялося двойчы пабываць ва Украіне. Цудоўная краіна. Не, там, канешне, поўна праблемаў. Але… Сёння Украіна зусім не тая бядачка, якой пнецца маляваць яе вобраз БТ. Заможныя сучасныя камяніцы за прыгожымі платамі, чыстыя вуліцы, паўсюль кветкі, смачная ежа, стыльныя і танныя кавярні — а галоўнае, людзі. Усмешлівыя, поўныя годнасці, спакойныя. Твары іх няўлоўна, але выразна адрозніваюцца ад твараў грамадзян РБ. У чарговы раз перасякаючы памежпераход Макраны, я задумалася: а чаму? У гэты час украінскі памежнік пажадаў мне «щасливої дороги», а да машыны са словамі «добрый день, паспортный контроль» падышоў наш. Вось ён, адказ! Ляжыць на паверхні. Зямля абапал мяжы тая самая, лясы такія самыя, бульбу людзі капаюць аднолькава, грошы зарабляюць аднолькава — а мовы ў іх розныя! У іх — свая, ад дзядоў, у нас — не свая. Наплявалі мы на дзядоў, прынамсі, на іх мову.

Вось вам і тлумачэнне ўсіх нашых бедаў, у тым ліку і крызісу.

Не верыце? Дык задумайцеся самі.

Адзін узмах крылаў матылька мае незваротны ўплыў на гісторыю ўсяго свету — а тут такая моцная і раптоўная дзея: масавая змена мовы. Мільёны людзей зрабілі гэта на працягу жыцця аднаго пакалення. Гэта не магло не адлюстравацца на ўнутраным свеце кожнага, хто — з тых ці іншых прычынаў — так зрабіў. Гэта не магло не адлюстравацца на ладзе жыцця і, у рэшце рэшт, на тым, што называюць «калектыўным несвядомым»…

Ясна, што сувязь тут нелінейная, але што ёсць — стапудова.

Менавіта тут карані нашых (краіны) няўдач, нашага крызісу.

І нават не хочацца — калі ўвогуле магчыма — тлумачыць гэта словамі. Сэнс жыцця, соль жыцця — не ў сферы слоў, і гэта — упэўненая — добра адчувае кожны.

Захаваць мову сваёй зямлі — гэта такая ж фундаментальная задача кожнага чалавека (жанчыны), як нарадзіць дзіця, пабудаваць дом, пасадзіць дрэва.

У добрай будучыні Украіны ў гэтым сэнсе я ўпэўненая.

Людзі Украіны падобныя да людзей.

А што з Беларуссю? Да каго падобныя беларусы? Ці не да пластыкавых манекенаў з умантаваным гукаімітатарам з дыстанцыйным кіраваннем?

«Дык мы ўжо з ім вешаемся!»

Мая сяброўка Аксана — з тых атлантаў ды карыятыдаў, што на сагнутых руках трымаюць неба беларускай мовы: паўсюль і ўсюды (нават пад наркозам у радзільні) гаворыць яна толькі па-беларуску. У чарговы абедзенны перапынак у кафетэрыі замаўляе блінчык з вяндлінай і селядзец пад футрам. Прадавачка фыркае, а жанчына ў чарзе за Аксанай кажа: «Что вы от неё требуете говоріть по-белорусскі? У нас даже презідент по-белорусскі не говоріт!» — «Па-першае, я не патрабую гаварыць, а разумець беларускую яна павінна па законе. А па-другое, калі прэзідэнт пойдзе вешацца, вы таксама за ім пойдзеце?» — «Так мы уже с нім вешаемся!»

Залатыя словы!

Ужо як ні стараўся прэзідэнт «усіх абняць, пацалаваць, на руках насіць» (цытата па TengriNews, Казахстан) — а на табе, маеш: ужо да залатога ксеракса справа дайшла і да ўсеагульнай нянавісці. А чаму? Вось менавіта таму!

З-за зламанага ўнутранага стрыжня.

З-за адмовы ад мовы, на якой гаварыла маці.

З-за няўмення адчуць галоўнае.

Глабалізацыя-шмабалізацыя

Бывае, ад, прабачце, інтэлектуалаў, чуеш: «Какая может быть беларуская мова в век глобалізаціі?»

Але глабалізацыя нас зжарэ насуха, калі мы будзем гаварыць па-расейску.

Калі вернемся да мовы дзядоў — глабалізацыя нас пагладзіць па галоўцы і выдасць прэферэнцыі. Вось чаму любімае мною БАТЭ прадула «Барселоне»? Як па мне, прычына ясная: бо «Барселона» кантактуе са светам па-каталонску, а БАТЭ пакуль не хапае рашучасці гаварыць са светам на роднай мове!

«Гэля, кажы, што рабіць!»

Жыву я ў, прабачце, аграгарадку Ждановічы. Раней гэта была такая вёска Патрэба. І ляжала яна прыкладна ў цэнтры рэгіёна, на гаворках якога і вырасла літаратурная беларуская мова. Вельмі прыгожую, аўтэнтычную беларускую («яна будзе мне казала», «ён быў паехаўшы») можна пачуць тут ад старых. Людзей маладзейшых першабеларускамоўных (то бок тых, хто першым звяртаецца па-беларуску) у нашай Патрэбе — адзінкі. Але на беларускую ўсе рэагуюць больш чым прыязна.

Людзі і навіны сцякаюцца штодня ў краму «ДарОрс». І тут на фоне пануючай рускай не-не, а пачуеш: «Гэля, кажы, што рабіць!», «Кухаль яму дай!», «Алеська, я буду праз хвіліну!»

Патэнцыял мовы = патэнцыял будучыні ёсць.

Таму — кажы, Гэля, кажы.

«Пашчу адкрывай і гавары», — кажу я сабе, і гавару па-беларуску ў аграгарадку Ждановічы, і гавару па-ўкраінску ў Заказанцы.

Калі бліжэйшая беларуская школа для людзей з сэрца беларускасці — Ратамкі — знаходзіцца за 25 км, то гэта катастрофа. Калі людзі возяць першакласніка з Ратамкі ў гэту школу-то гэта абуджае надзею…

Паспрабуйце пагаварыць з дзедам

Паспрабуйце зараз у думках пагаварыць з дзедам.

На ягонай мове.

Можаце? Ці не? Ці не зразумее вас дзед на вашай обшчепонятной?

Толькі тады, калі кожны з нас зробіць высілак і загаворыць на мове дзеда (бабы) — скончыцца крызіс. Вось галаву даю на адсячэнне!

Калі кожны беларус, чый дзед гаварыў па-беларуску, — загаворыць па-беларуску, чый мувіў па-польску, — будзе гаварыць па-польску, а чый дзед гавэндаў па-ўкраінску, — загаворыць так — СКОНЧАЦЦА НАШЫ ПРАБЛЕМЫ.

А чый дзед гаварыў па-расейску — хай прыслухаецца тады да нас.

***

Наталка Бабіна — пісьменніца. Аўтарка кніг «Крыві не павідна быць відна» і «Рыбін горад». Жыве ў Ждановічах пад Мінскам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?