Цэны на жыльлё ў Беларусі імкліва растуць. Асабліва адчувальна гэта ў Менску, дзе квадратны мэтар сярэдняй аднапакаёвай кватэры каштуе ўжо каля 1400 даляраў. Паўсюль па краіне беларусы аддаюць перавагу менавіта аднапакаёўкам, што адбываецца праз падаражаньне камунальных паслугаў. Але таксама праз выхад на рынак маладога пакаленьня, што добра зарабляе або мае свой бізнэс.

Нямецкі досьвед

Адной з прычынаў росту цэнаў на жыльлё, як на першасным, так і на другасным рынках, зьяўляецца актыўнае разьвіцьцё сыстэмы жыльлёвага крэдытаваньня. Паводле зьвестак Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, у Менску знаходзяцца на ўліку 170 тысячаў сем’яў, што маюць патрэбу ў засяленьні. Па выніках мінулага году кватэрамі былі забясьпечаныя каля 12 тысячаў сем’яў, зь якіх палову складаюць сем’і, што атрымалі жыльлё ў парадку чаргі. Калі будаўніцтва сацыяльнага жыльля будзе працягвацца такімі тэмпамі, то чарга на атрыманьне ільготнай кватэры пагражае расьцягнуцца на 30 гадоў. У міністэрстве адным са спосабаў вырашэньня праблемы бачаць выкарыстаньне вопыту Нямеччыны, дзе будаўніцтвам жыльля займаюцца камэрцыйныя прадпрыемствы. Дзяржава нават стварае гэтым фірмам ільготныя ўмовы. Таму ў Нямеччыне даўно не існуе праблемаў з жыльлём.

У хуткім часе ў парлямэнт мусіць патрапіць законапраект, які прадугледжвае стварэньне сыстэмы будаўнічых ашчаджэньняў. Калі закон будзе ўхвалены, пэўная катэгорыя грамадзянаў зможа адкладаць грошы на адмысловым банкаўскім рахунку і потым атрымаць ільготны крэдыт на жыльлё.

На сёньня цана аднаго «сацыяльнага» квадратнага мэтру ў Беларусі складае каля 400 даляраў пры сярэднім заробку 270 даляраў.

Аптымізм міністра і рэалізм незалежных назіральнікаў

Міністар архітэктуры і будаўніцтва Аляксандар Селязьнёў упэўнены, што гэта набліжае Беларусь да сусьветнага стандарту, калі на сярэдні заробак чалавек можа набыць адзін квадратны мэтар жыльля. Ён мяркуе таксама, што падаражаньне расейскага газу неістотна адаб’ецца на цэнах жыльля. Па словах міністра, дзякуючы новай цане цэмэнту, цэны ўздымуцца на 5-6%. Пры захаваньні нарматыўных умоваў кошт будаўніцтва панэльнага жыльля для жыхароў абласьцей, што маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, складзе 360-400 даляраў за квадратны мэтар, цагляных дамоў – 400-450 даляраў. У Менску – 450 і 520-550 даляраў, адпаведна.

Сёлета ў Беларусі плянуюць пабудаваць 4 млн. 700 тыс. кв. м. жыльля, у Менску – 1 млн. 70 тыс. кв. м.

Незалежныя назіральнікі лічаць прагнозы ўраду вельмі аптымістычнымі. Паводле незалежных прагнозаў, рост цэнаў на расейскія энэрганосьбіты можа спрычыніцца да таго, што далёка ня кожны беларус здолее выкупіць толькі што пабудаванае жытло. Дый няма такога ў сьвеце, каб чалавек 30 гадоў стаяў у чарзе на сацыяльную кватэру. Само паняцьце сацыяльнага жытла тады траціць сэнс.

Вымушаная папулярнасьць аднапакаёвак

Эканамічная аглядальніца газэты «Белорусы и рынок» Елізавета Булацецкая адзначае паказальную тэндэнцыю росту попыту на малагабарытнае жытло на другасным рынку. Прычынаю ёсьць павышэньне цэнаў на камунальныя паслугі. І ў першую чаргу гэта характэрна для рэгіёнаў, дзе сярэднія заробкі істотна адрозьніваюцца ад сталічных. Жыхарам райцэнтараў робіцца ўсё менш выгадна пражываць у шматпакаёўках. І калі рост цэнаў на камунальныя паслугі будзе працягвацца, попыт на малагабарытнае жыльлё ўзрасьце. Экспэрт адзначае розьніцу ў гнуткасьці цэнаў на сталічнае і правінцыйнае жыльлё: ў абодвух выпадках дынаміка росту амаль супадае, аднак цэны ў сталіцы больш чуйныя да зьменаў. Зьвяртае ўвагу на сябе і тое, што кватэры ў якой Лідзе ці Салігорску каштуюць амаль аднолькава, як і ў абласным Магілёве. Аднапакаёўку ў гэтых гарадах можна набыць ад 20 тысячаў даляраў, самая дарагая чатырохпакаёвая кватэра абыдзецца ў 42-45 тысячаў. Сярод буйных гарадоў вылучаецца Бабруйск, у якім пасьля пакупніцкага буму 2005 году цэны на кватэры амаль спыніліся і прыемна адрозьніваюцца ад іншых гарадоў.

Яшчэ адной прыкметай часу ёсьць вяртаньне на радзіму з краінаў СНД нашых грамадзянаў, якія таксама актыўна набываюць кватэры ў Менску ды іншых гарадох.

Прага прыватнай уласнасьці

З моманту ўступленьня ў сілу Закону «Аб сумесным домаўласьніцтве» ў 1998 годзе ў Менску створана каля 220 таварыстваў уласьнікаў. Тыповае таварыства мае свой разьліковы рахунак, на які жыхары пералічаюць грошы за камунальныя паслугі, тэхнічнае абслугоўваньне і капрамонт. Чальцы таварыства валодаюць сваімі кватэрамі і маюць долевы ўдзел у валоданьні аб’ектамі агульнага карыстаньня.

Украінскі фэномэн

Паводле дасьледаваньня кампаніі Global Property Guide, летась сярод 40 найбольш разьвітых і стабільных краінаў сьвету найхутчэй цэны на жытло расьлі ў Эстоніі зь яе дынамічнай эканомікай і актыўным грамадзтвам. Тут гэты паказчык складае 54%. Але калі б у сьпіс уключылі Ўкраіну, яна, са сваімі 66%, стала б безумоўным сусьветным лідэрам. Самая танная нерамантаваная кіеўская аднапакаёўка на другасным рынку каштуе 52 тысячы даляраў. Тамтэйшыя экспэрты кажуць, што нашмат лепшае жытло ў Бэрліне ці Парыжы, каштуе, прынамсі, ня менш. Прычынай такога ёсьць імклівы рост іпатэчнага крэдытаваньня, міграцыя, рост прыбыткаў і спэкулятыўны попыт на жыльлё. Сярэдні кошт аднаго «квадрату» дасягае 2600 даляраў. Для параўнаньня – у традыцыйна дарагой Маскве гэты паказчык складае каля 4200 даляраў. У нашых заходніх суседзяў-палякаў кватэрная ліхаманка, што распачалася колькі гадоў таму, сьцішылася, і рост цэнаў летась быў ніжэйшы супраць нямецкага – 2,2%. Доўгі час не растуць цэны на жыльлё ў далёкай Японіі, а растрывожаны вайсковым становішчам Ізраіль перажывае 4%-е зьніжэньне кошту жытла.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?