Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў спрэчцы паміж Беларуссю і Расіяй настаў час і аднаму, і другому бакам «астыць, асэнсаваць падзеі, што адбываюцца, і не нагнятаць абстаноўку ў тым напрамку, адкуль немагчыма будзе выйсце». Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы сёння на ўручэнні дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

«Нам гэта бойка не патрэбна і не таму, што мы слабыя, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы гатовы да ўсяго і ўсё вытрымаем».

Паводле яго слоў, «беларускі народ ні ў чым не правініўся перад Расіяй, мы свята выконваем усе дамоўленасці». «Давайце чытаць дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, а ўсё астатняе - белетрыстыка. Па дагавору мы павінны былі прыняць Канстытуцыю і выбраць саюзны парламент. Між тым, гэтага не адбылося. Потым яны нам падкінулі новую ідэю - вазьміце расійскі рубель. Мы спрабавалі дабіцца ад Расіі, навошта вы гэта прапануеце, калі ў вас столькі праблем», - сказаў прэзідэнт. Паводле яго слоў, адказ просты і відавочны - «не кіем, дык палкай намертва прыцягнуць нас да сябе, каб я ездзіў у Крэмль, прасіў зарплату для сваіх людзей».

«Нам «выкочвалі» заўсёды тое, што нам было непрымальна. І калі ўбачылі, што нас зламаць цяжка, тады пачалі ламаць, прапануючы ўвайсці ў склад Расіі. Мы ніколі ў склад іншай дзяржавы не ўвойдзем», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідэр адзначыў, што «мы абсалютна нікому нічога не павінны, і наша палітыка ў гэтым плане абсалютна празрыстая».

Прэзідэнт сказаў, што ў бліжэйшы час ён на фактах дакажа, што беларускі народ ні ў чым не правініўся перад Расіяй.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў: «Калі нас прыціскалі паціху, мы цярпелі, але затым нам спачатку ў два разы ўзнялі цэны на газ, праз паўтара года іх павысілі яшчэ ў два разы і прапанавалі купляць нафту па той цане, па якой яна нам не патрэбна».

Прэзідэнт перакананы: «Усё было пастаўлена на тое, каб пераканаць расіян, што галоўны разбуральнік саюзных адносін - беларускі бок».

«Калі нас яшчэ раз паспрабуюць ударыць па адчувальных месцах, мы таксама ведаем гэтыя адчувальныя месцы і ведаем, дзе ўдарыць», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?