У цэлым згодны з артыкулам бр.П.Рудкоўскага Мэсыдж Хрыстовага вучэньня ў «НН», №2. Але сёе‑тое хацелася б дадаць.

Сапраўды, кансэрватыўныя пратэстанты вельмі насьцярожана ставяцца да рудымэнтаў паганскай культуры, і ў гэтым іх можна зразумець, бо да‑хрысьціянскае і дацывілізацыйнае ў людзях (беларусы тут не выключэньне) можа выйсьці з‑пад кантролю, вельмі яскравы прыклад таму — рэзкі ўсплёск «арыйскай культуры» ў Нямеччыне 60 — 70 гадоў таму, які заліў крывёю ўсю Эўропу.

Але і брат Пётра мае рацыю. Калі ўжываць строгую эвангельскую цэнзуру пасьлядоўна, можна застацца без культуры ўвогуле. А выйшаўшы за дзьверы царквы, адсьпяваўшы пранікнёныя псальмы і паслухаўшы палымяную казань, чалавек трапляе ў шэрыя будні, якія маюць мала супольнага зь нядзельнай узьнёсласьцю. І тады лёгка трапіць або ў цынізм, або ў крывадушнасьць.

Які ж сярэдні шлях паміж крайнасьцямі? Касьцёл, які тысячагодзьдзямі ламаў сабе галаву над гэтай праблемай, стылёва разносіць ужываньне слова «Каляды» і вытворных ад яго, і чыста хрысьціянскую назву сьвята. Напрыклад, традыцыйны аб’езд сьвятаром сваіх парафіянаў называецца каляда, а песьні, якія славяць прыйсьце Збаўцы, — каляднымі або калядкамі. Ну і вядома, царква або касьцёл — не паліцыя, каб забараняць калядаваньне, калі гэты гарэзьлівы маладзёвы, але і вельмі старажытны звычай не выходзіць за межы прыстойнасьці, і калі паміж зычэньняў гаспадару і ўсёй ягонай сям’і здароўя і дабрабыту ў наступным годзе не забываюцца славіць Таго, хто дае гэтыя здароўе і дабрабыт. Але само сьвята і пабожны каталік ніколі не назаве «Калядамі», але толькі — Божым Нараджэньнем або Раством. (Шкада, што няма аднолькавай назвы для розных канфэсій, але каструбаватае «Ражджаство» — здаецца, не зь беларускай мовы.)

Магчыма, хрысьціяне веры эвангельскай ня надта разьбіраюцца ў такіх стылёвых тонкасьцях, бо, на жаль, па‑ранейшаму нячастыя кантакты паміж вернікамі розных канфэсій і часта ўзаемныя падазрэньні ўзьнікаюць беспадстаўна. Але імкнуцца да суцэльнай аднастайнасьці разуменьня праўды няварта. Хай будуць і пільныя вартаўнікі чыстага, «незаплямленага» монатэізму як напамін тым, хто можа, захапіўшыся культурай, забыцца пра яе падначаленасьць Хрысьціянству, пра той самы мэсыдж Хрыстовага вучэньня. Але крый Божа, каб яны захапілі манаполію на абвяшчэньне Ісьціны. Таму паставімся з разуменьнем да заклееных цукерак. У маёй сям’і на сьвята былі і такія — падарунак малодшай дачцэ, якая ходзіць у нядзельную школу разам з маці менавіта ў царкву хрысьціянаў веры эвангельскай, і звычайныя, ад двайнятак, што разам са мной моляцца ў касьцёле.

Шматканфэсійнасьць часта называлі фактарам, які аслабляў беларускую нацыю. На маю ж думку, Беларусі пашанцавала са шматканфэсійнасьцю. Менавіта існаваньне розных бачаньняў Аднаго і Таго ж дазваляе лепш зразумець Ягоную сутнасьць. У нашых суседзяў і на ўсходзе і на захадзе дамінуючыя канфэсіі занадта цесна інтэграваныя зь дзяржавай. У нас так, здаецца, ня ўдасца. І таму ў нас ёсьць шанец пабудаваць калісьці менавіта хрысьціянскае, а ня вузка каталіцкае, праваслаўнае або пратэстанцкае грамадзтва. «У доме Айца майго прытулкаў шмат».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?