postimees.ee

postimees.ee

Сярэднясутачная тэмпература паветра ў Беларусі ўжо двое сутак не перавышае плюс 4-7 градусаў, што на 1-4 градусы халадней, чым звычайна, паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.

У першую палову тыдня актыўная цыкланічная дзейнасць паўночнай Атлантыкі будзе кіраваць надвор'ем і ў Беларусі. Атмасферныя франты адзін за адным будуць перамяшчацца праз тэрыторыю краіны, усталюецца халоднае надвор'е.

У бліжэйшыя суткі, 11 кастрычніка, у цэлым па Беларусі будзе воблачнае з праясненнямі надвор'е. Ноччу часам чакаюцца дажджы. Удзень на большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай па паўднёвым усходзе месцамі магчымы слабы туман. Вецер паўднёва-заходні, ад 6 да 11 метраў за секунду, месцамі яго парывы дасягнуць 15-20 метраў за секунду.

Мінімальная тэмпература паветра ў начны час не перасягне плюс 3-9 градусаў. Максімальная ўдзень складзе 9-14 градусаў цяпла.

Пачынаючы з серады, з кожным днём будзе станавіцца ўсё халадней.

Паўднёва-заходні вецер паступова зменіцца паўночным, і ў канцы рабочага тыдня чакаецца прыход у Беларусь арктычнага паветра з акваторыі паўночных мораў. Сярэднясутачная тэмпература паветра пачне павольна набліжацца да нулявой адзнакі. 12 кастрычніка чакаецца пахмурнае дажджлівае надвор'е з парывістым заходнім ветрам. Тэмпература паветра ўначы не перасягне плюс 3-9 градусаў. Максімальная ўдзень складзе 7-13 градусаў цяпла.

13 кастрычніка характар надвор'я не зменіцца. Але ўдзень на некалькі градусаў будзе халадней. У пятніцу, 14 кастрычніка, падзьме паўночны вецер і стане яшчэ халадней. Тэмпература ўначы будзе вагацца ад мінус 1 да плюс 4 градусаў. Месцамі чакаецца 2-4 градусы марозу. Удзень прагназуецца 4-9 градусаў цяпла. У пятніцу ноччу месцамі, а днём на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы.

На выхадных рост атмасфернага ціску ўзмоцніць уплыў на надвор'е халоднага антыцыклону. Узнікшы каля берагоў Грэнландыі, гэты антыцыклон пачне перамяшчацца на поўдзень і ў нядзелю яго цэнтр чакаецца над суседняй Польшчай. Паступова сціхне вецер, зменшыцца воблачнасць.

У суботу будзе пераважна без ападкаў. Толькі ва ўсходніх раёнах Беларусі месцамі пройдуць кароткачасовыя ападкі - мокры снег з дажджом. Тэмпература паветра ў начны час будзе вагацца ад мінус 3 градусаў да плюс 3 градусаў.

Удзень чакаецца плюс 3-9 градусаў.

У нядзелю, 16 кастрычніка, будзе без ападкаў. Ноччу і раніцай згусціцца туман. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 4 - плюс 3 градусы. На тарфяніках Палесся чакаецца 5-8 градусаў марозу. Максімальная тэмпература паветра ўдзень будзе вагацца ад плюс 4 градусаў на паўночным усходзе краіны да 11-13 градусаў на захадзе Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.

Такі тэмпературны фон будзе на 3-5 градусаў ніжэйшы за кліматычную норму

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?