Паводле даных абследавання хатніх гаспадарак, колькасць сем’яў у Беларусі, якія выхоўваюць дзяцей, складае 1.205.600, паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка на прэс-канферэнцыі ў Мінску 12 кастрычніка. Паводле яе слоў, з агульнай колькасці сем’яў у 65,7% выхоўваецца адно дзіця, у 28,9% — два.

Трох і больш дзяцей маюць каля 5% сем’яў.

Арцёменка падкрэсліла, што дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі такая, што колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту будзе павялічвацца да 2013 года, а затым пачне паступова зніжацца. «Верагодна, у гэты перыяд запатрабуюцца нейкія дадатковыя меры, накіраваныя на стымуляванне нараджэння другога дзіцяці ў сям’і», — сказала прадстаўнік Мінпрацы. Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі Беларусі на 2011–2015 гады, зацверджаная ўказам прэзідэнта ад 11 жніўня 2011 года, «прадугледжвае прапрацоўку пытання ўвядзення сямейнага капіталу па аналогіі з тым, які дзейнічае ў Расійскай Федэрацыі» з улікам беларускіх рэалій. У НДІ працы Мінпрацы праводзіцца навуковае даследаванне на гэтую тэму, яго вынікі будуць вывучаныя і пры неабходнасці ўкаранёныя.

Паводле слоў Арцёменкі, перыядычна ўдасканальваецца сістэма дзярждапамог, і дзяржава адшуквае магчымасці для павелічэння іх памераў. Упершыню памер штомесячных дапамог на дзяцей да трох гадоў будзе ўвязаны з сярэдняй заработнай платай па краіне. Мяркуецца,

што з 2012 года памер такой дапамогі на першае дзіця складзе 35% сярэднямесячнай зарплаты, на другое і наступных дзяцей — 40%.

Акрамя таго, у праекце закона «Аб сацыяльным абслугоўванні» намечана пашырэнне сацыяльных паслуг для сем’яў з дзецьмі. «Прадугледжваецца развіццё сістэмы сацыяльнага патранату, сістэмы паслуг нянек, якія даюцца сем’ям. Будзе ўкаранёная паслуга сацыяльнай перадышкі сем’ям, што выхоўваюць дзіця-інваліда, і абучэнне новай прафесіі жанчын, якія знаходзяцца ў адпачынку па догляду дзіцяці», — сказала Арцёменка.

У 2012 годзе плануецца павялічыць памер дапамогі па догляду дзіцяці-інваліда да 100% бюджэту пражытачнага мінімуму (цяпер 65%), а таксама ўвесці сістэму льготнага крэдытавання для сямейных пар, якія хварэюць на бясплоднасць, для экстракарпаральнага апладнення, вызваляць ад вайсковага абавязку бацькаў, што выхоўваюць трох і больш дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?