Як паведаміла прэс-сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кандраценка 13 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску, алкагольныя напоі з пачатку года па май істотна не даражэлі, рост цэн на іх пачаўся толькі ў маі.
У верасні ў параўнанні з пачаткам года алкагольныя напоі падаражэлі ў 1,6 разу,
прычым настойкі горкія і моцныя — у 1,3 разу, каньяк — у 1,3 разу, шампанскае — у 1,4 разу, гарэлка — у 1,7 разу.
Пры гэтым у сярэднім усе прадукты харчавання і алкагольныя напоі падаражэлі ў 1,9 разу.
Садавіна падаражэла больш як у два разы, мяса птушкі — у 2,4 разу, гарбата — у 2,6 разу, кава і свініна — у 2,7 разу і г.д.

«Гэта гаворыць аб даступнасці спіртных напояў», — пракаментавала Кандраценка. Паводле яе слоў, тэмпы падаражання алкагольных напояў, якія лідзіруюць па продажы, ніжэйшыя за тэмпы падаражання неабходных для збалансаванага харчавання прадуктаў.

Паводле слоў прадстаўніка камітэта,

у Беларусі штогод расце вытворчасць алкагольных напояў.
За дзевяць месяцаў выпушчана 11,8 млн. дэкалітраў гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў, 156 тыс. дэкалітраў каньяку, 1 млн. 926 тыс. дэкалітраў вінаградных він, 12,2 млн. дэкалітраў пладовых він, 1 млн. 85 тыс. дэкалітраў шампанскага, 36,5 млн. дэкалітраў піва. Тэмпы вытворчасці ў параўнанні са студзенем-вераснем мінулага года павялічыліся практычна па ўсіх пазіцыях ад 3 да 12%. Выключэнне складае вытворчасць пладовых він. Іх выпушчана на 7,2% менш.

Кандраценка паведаміла,

што ў краіне штогод павялічваецца аб’ём продажу алкагольных напояў на душу насельніцтва (у пераліку на абсалютны алкаголь).
Так, у 2010 годзе на душу насельніцтва прыпадала 12,3 літра алкаголю, тады як у 2009-м — 12, у 2005-м — 9,3.

Як лічыць загадчык сектара наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Уладзімір Максімчук, даступнасць спіртных напояў — адзін з фактараў, які вядзе да росту алкагалізму ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?