Заснавальнік карпарацыі Apple быў фенаменальным менеджарам. Гэта ягоная каманда стварыла настольны камп'ютар, айфон, айпад -- рэчы, без якіх ужо немагчыма ўявіць сучасны свет.

Ён быў мудрым і дасціпным чалавекам. Прапануем вам прамова, з якой Джобс выступіў у Стэнфардскім універсітэце праз год пасля таго як у яго знайшлі рак.

* * *

Для мяне вялікі гонар быць з вамі сёння на ўручэнні дыпломаў аднаго з найлепшых універсітэтаў свету. Я не заканчваў інстытутаў.
Сёння я хачу расказаць вам тры гісторыі з майго жыцця. І ўсё. Нічога грандыёзнага. Проста тры гісторыі.

Гісторыя пра злучэнне пунктаў

Я кінуў каледж пасля першых 6 месяцаў навучання, але заставаўся там у якасці «госця» яшчэ каля 18 месяцаў, пакуль нарэшце не сышоў. Чаму ж я кінуў?

Усё пачалося да майго нараджэння. Мая біялагічная маці была незамужняй аспіранткай і вырашыла аддаць мяне на ўсынаўленне. Яна настойвала, каб мяне ўсынавілі людзі з вышэйшай адукацыяй. Потым мая біялагічная маці даведалася, што мая прыёмная маці - не выпускніца каледжа, а мой бацька ніколі не быў выпускніком школы. Яна адмовілася падпісаць паперы аб усынаўленні. І толькі некалькі месяцаў праз саступіла, калі мае бацькі паабяцалі, што я пайду ў каледж.

І праз 17 гадоў я пайшоў. Але я наіўна абраў каледж, які быў амаль такім жа дарагім, як і Стэнфард. Праз шэсць месяцаў я не бачыў сэнсу майго навучання. Я не ведаў, што я хачу рабіць у сваім жыцці, і не разумеў, як каледж дапаможа мне гэта ўсвядоміць. І вось я проста марнаваў грошы бацькоў, якія яны збіралі ўсё жыццё. Таму

я вырашыў кінуць каледж і паверыць, што ўсё будзе добра. Я спачатку спалохаўся, але, аглядаючыся цяпер назад, разумею, што гэта было маім найлепшым рашэннем за ўсё жыццё.

Не ўсё было рамантычна.

У мяне не было пакоя ў інтэрнаце, таму я спаў на падлозе ў пакоях сяброў, я здаваў бутэлькі колы па 5 цэнтаў, каб купіць ежы, і хадзіў за 7 міляў праз увесь горад кожны нядзельны вечар, каб раз на тыдзень нармальна паесці ў храме крышнаітаў.

Шмат з таго, з чым я сутыкаўся, прытрымліваючыся сваёй цікаўнасці і інтуіцыі, выявілася пазней неацэнным. Вось вам прыклад: мой каледж заўсёды прапаноўваў найлепшыя ўрокі па каліграфіі. Я адлічыўся і не браў звычайных урокаў, таму запісаўся на ўрокі па каліграфіі.

Нішто з гэтага не здавалася карысным. Але праз дзесяць гадоў, калі мы распрацоўвалі першы «Макінтош», усё гэта спатрэбілася.
І «Мак» стаў першым кампутарам з прыгожай тыпаграфікай. Калі б я не адлічыўся, я б ніколі не запісаўся на той курс каліграфіі, і ў кампутараў не было б такой выдатнай тыпаграфікі, як цяпер.

Вядома, нельга было злучыць усе пункты тады, калі я быў у каледжы. Але праз 10 гадоў усё стала вельмі, вельмі ясна.

Яшчэ раз: вы не можаце злучыць пункты, гледзячы наперад; вы можаце злучыць іх, толькі аглядаючыся ў мінулае. Таму вам давядзецца даверыцца тым пунктам, якія вы як-небудзь звяжаце ў будучыні. Такі падыход ніколі не падводзіў мяне, і ён змяніў маё жыццё.

Гісторыя пра любоў і страты

Мне пашанцавала -- я знайшоў тое, што я люблю рабіць, даволі рана.
Воз [Стывен Вазняк, сябар і калега Джобса] і я заснавалі Apple у гаражы маіх бацькоў, калі мне было 20. Мы старанна працавалі, і праз 10 гадоў Apple вырасла да кампаніі з чатырма тысячамі работнікаў. Мы выпусцілі нашае найлепшае стварэнне -- «Макінтош» -- за год да таго, і мне толькі споўнілася 30. І
потым мяне звольнілі. Тое, што было сэнсам маёйго дарослага жыцця, знікла.

Я не ведаў, што рабіць, некалькі месяцаў. Але нешта павольна пачало распагоджвацца ўва мне -- я ўсё яшчэ любіў тое, што рабіў. Ход падзей толькі злёгку ўсё змяніў.

Я быў адрынуты, але я любіў. І ўрэшце я вырашыў пачаць усё спачатку.

Тады я гэтага не разумеў, але выявілася, што звальненне з Apple было найлепшым, што магло са мной адбыцца. Цяжар паспяховага чалавека змяніўся легкадумнасцю пачаткоўца.

Я вызваліўся і ўвайшоў у адзін з самых крэатыўных перыядаў свайго жыцця.

Цягам наступных пяці гадоў я заснаваў кампанію NeXT, іншую кампанію, названую Pixar, і закахаўся ў цудоўную жанчыну, якая стала маёй жонкай. Pixar стварыў самы першы камп'ютарны мультфільм «Гісторыя цацак», і цяпер гэта самая паспяховая анімацыйная студыя ў свеце. У выніку дзіўных падзей Apple купіла NeXT, я вярнуўся ў Apple, і тэхналогія, распрацаваная ў NeXT, зрабілася сэрцам цяперашняга адраджэння Apple. А Ларэн і я сталі выдатнай сям'ёй.

Я ўпэўнены, што

нічога гэтага не здарылася б, калі б мяне не звольнілі з Apple. Часам жыццё б'е вас па галаве цаглінай. Не страчвайце веры.
Я перакананы, што адзінае, што дапамагло мне працягваць, было тое, што я любіў сваю справу. Вам трэба знайсці тое, што вы любіце. І гэта правільна і для працы, і для адносінаў. Вашая праца запоўніць вялікую частку жыцця, і адзіны спосаб быць цалкам задаволеным -- рабіць тое, што, па-вашаму, ёсць вялікай справай. І
адзіны спосаб рабіць вялікія справы -- любіць тое, што вы робіце. Калі вы яшчэ не знайшлі сваёй справы, шукайце.
Як гэта бывае з усімі сардэчнымі справамі, вы даведаецеся, калі знойдзеце. І, як любыя добрыя адносіны, яны робяцца лепшымі з гадамі.

Гісторыя пра смерць

Калі мне было 17, я прачытаў цытату -- нешта накшталт «Калі вы жывяце кожны дзень так, быццам ён апошні, калі-небудзь гэта стане праўдай». З тых часоў, ужо 33 гады,

я гляджу ў люстэрка кожны дзень і пытаю сябе: «Калі б сённяшні дзень быў апошнім у маім жыцці, ці захацеў бы я рабіць тое, што збіраюся зрабіць сёння?» І калі адказам было «не» некалькі дзён запар, я разумеў, што трэба нешта мяняць.

Памяць пра тое, што я хутка памру, -- самы важны інструмент, які дапамагае мне прымаць складаныя рашэнні. Таму што ўсё астатняе -- чужое меркаванне, увесь гэты гонар, уся гэтая сарамлівасць або боязь правалу -- падае перад тварам смерці, пакідаючы толькі тое, што сапраўды важна. Памяць пра смерць -- найлепшы спосаб пазбегнуць думак пра тое, што вам ёсць што страчваць. Вы ўжо голы. У вас больш няма прычын не ісці на кліч свайго сэрца.

Год таму мне паставілі дыягназ -- рак. Скан мне даслалі а 7.30 раніцы, і ён ясна паказваў пухліну ў падстраўнікавай залозе. Дактары сказалі мне, што гэты тып рака невылечны і што мне засталося жыць не больш за тры-шэсць месяцаў. Мой доктар параіў пайсці дахаты і прывесці справы ў парадак (што ў дактароў азначае падрыхтавацца да смерці). Гэта значыць паспрабаваць сказаць сваім дзецям тое, што б ты сказаў за наступныя 10 гадоў. Гэта значыць пераканацца ў тым, што ўсё добра ўладкавана, так, каб тваёй сям'і было як мага лягчэй. Гэта значыць развітацца.

Я жыў з гэтым дыягназам увесь дзень. Увечары мне зрабілі біяпсію, і высветлілася, што ў мяне вельмі рэдкая форма рака, якую можна вылечыць. Мне зрабілі аперацыю, і цяпер са мной усё ў парадку.

Смерць тады падышла да мяне бліжэй за ўсё, і, спадзяюся, бліжэй за ўсё за некалькі наступных дзясяткаў гадоў. Перажыўшы такое, я цяпер магу казаць гэта з большай упэўненасцю, чым тады, калі смерць была чыста надуманай канцэпцыяй: ніхто не хоча паміраць. Нават людзі, якія жадаюць трапіць на нябёсы, не жадаюць паміраць. І ўсё роўна:

смерць -- пункт прызначэння для ўсіх нас. Так і павінна быць, таму што Смерць, напэўна, — найлепшае вынаходніцтва Жыцця. Яна -- прычына пераменаў. Яна чысціць старое, каб адкрыць дарогу новаму.
Цяпер новае - гэта вы, але калі-небудзь (не так і шмат вам засталося) вы зробіцеся старым і вас ачысцяць. Прабачце за такі драматызм, але гэта праўда.
Ваш час абмежаваны, таму не марнуйце яго на тое, каб жыць чужым жыццём. Не трапляйце ў пастку догмы, якая гаворыць жыць думкамі іншых людзей. Не дазваляйце шуму чужых меркаванняў перабіць ваш унутраны голас.
І самае важнае, майце адвагу прытрымлівацца свайго сэрца і інтуіцыі. Яны нейкім чынам ужо ведаюць тое, кім вы хочаце быць насамрэч. Усё астатняе — другаснае.

Калі я быў малады, я прачытаў дзіўную публікацыю «Каталог усёй Зямлі», якая была адной з бібліяў майго пакалення. Там было фота ранішняй дарогі, накшталт той, на якой вы, можа быць, стопілі машыны, калі любіце прыгоды. Пад ёй былі словы: «Заставайцеся галоднымі. Заставайцеся безразважнымі». І я заўсёды жадаў сабе гэтага. І цяпер, калі вы заканчваеце інстытут і пачынаеце ўсё наноў, я жадаю гэтага вам.

Заставайцеся галоднымі. Заставайцеся безразважнымі.

Усім вялікі дзякуй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?