14 кастрычніка ў Цэнтральны РАУС Гомеля быў дастаўлены на допыт апазіцыянер Канстанцін Жукоўскі. Прычым забралі яго ў міліцыю разам з шасцігадовай дачкой.

Прыкладна ў 11.00 актывіст выйшаў на вуліцу са свайго прыватнага дома, каб перадаць дакументы знаёмаму. Каля варотаў дома стаяў аўтамабіль з супрацоўнікамі дэпартамента аховы, якія былі з аўтаматамі. Яны прапанавалі Жукоўскаму праехаць у аддзел міліцыі для разбору, ён адмовіўся і патлумачыў, што дома знаходзіцца яго хворая дачка, і ён не можа яе пакінуць. Міліцыянеры адзначылі, што ў выпадку адмовы добраахвотна прайсці ў аўтамабіль яны будуць вымушаныя настойваць на сваім. У выніку Жукоўскі паехаў з дачкой у Цэнтральны РАУС, дзе яго дапытваюць наконт інцыдэнту, які адбыўся ў судзе 11 кастрычніка.

У гэты дзень актывіст быў затрыманы міліцыяй у судзе і прыкаваны наручнікамі да батарэі.

Ён прыйшоў падтрымаць свайго таварыша Валерыя Сляпухіна, якога судзілі за арганізацыю Народнага сходу ў Гомелі. Суддзя Ілья Свірыдаў аб’явіў перапынак у справе Сляпухіна, але не назваў часу аднаўлення пасяджэння. Жукоўскі не знайшоў суддзю і яго сакратара ў службовых кабінетах, таму зайшоў да старшыні суда Таццяны Адрыбец. Паводле слоў Жукоўскага, тая яму паведаміла, што пасяджэнне адновіцца ў 15 гадзін.

«Але я выйшаў у кабінет і заўважыў, што суддзя Свірыдаў у абедзенны час, калі ўсе саратнікі, якія падтрымалі Сляпухіна, пайшлі, збіраецца аднавіць працэс. Я вярнуўся да Адрыбец і сказаў: Вы старшыня суда ці маленькая дзяўчынка, якая нічога не ведае? Чаму вы мне хлусіце? Тады Адрыбец выклікала міліцыянераў, якія ахоўваюць суд», — сказаў Жукоўскі.

Міліцыянеры дацягнулі Жукоўскага да батарэі ацяплення і прычапілі яго наручнікамі да трубы. На пытанне, за што затрыманы Жукоўскі, міліцыянеры адказалі, што гэта загадала зрабіць кіраўніцтва, і ўказалі на супрацоўніка Чыгуначнага РАУС Аляксандра Кошмана. Адзін з міліцыянераў заявіў, што актывіста затрымалі за непавагу да суда.

Раней апазіцыянер адбываў арышт у ІЧУ, дзе аказалася, што ў яго зламана нага. Мяркуецца, што нагу яму пашкодзілі супрацоўнікі спецназа пры затрыманні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?