Па ацэнках Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, на канец 2011 года ў Беларусі будзе больш за 2 млн. абанентаў стацыянарнага шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт. Аб гэтым 14 кастрычніка на прэс-канферэнцыі паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення электрасувязі Мінсувязі Павел Петрулевіч.

«Калі гэта параўнаць з домагаспадаркамі, то ў нас іх больш чым 3 мільёны, таму задзел для развіцця, канешне, ёсць», — канстатаваў прадстаўнік Мінсувязі. Ён таксама звярнуў увагу, што Еўрасаюз ставіць сабе задачу стопрацэнтнага ахопу базавымі паслугамі ШПД усяго насельніцтва да 2013 года. «Таму, я думаю, нам ёсць куды расці і прыбаўляць», — сказаў Петрулевіч.

Нагадаем, паслуга доступу ў інтэрнэт у Беларусі аказваецца як па камутаваных, так і па выдзеленых лініях сувязі. Агульная манціраваная ёмістасць сеткі перадачы дадзеных на 1 студзеня 2011 года склала 1 млн. 841 тыс. партоў, з іх 1 млн. 173 тыс. партоў нацыянальнага аператара электрасувязі РУП «Белтэлекам».

Колькасць абанентаў і карыстальнікаў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт па выніках 2010 года склала 1,8 мільёна. У мэтах павелічэння даступнасці паслугі выкарыстоўваецца тэхналогія бесправаднога доступу Wi-Fi. Шырокапалосны доступ да сеткі перадачы дадзеных з выкарыстаннем WiMAX укаранёны ў Мінску.

Цяпер каля мільёна абанентаў ШПД карыстаюцца паслугамі нацыянальнага аператара сувязі РУП «Белтэлекам», астатнія — паслугамі прыватных правайдэраў.

Па прагнозах Мінсувязі, колькасць абанентаў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт узрасце ў Беларусі да канца 2015 года да 3 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?