Даследчыкі вядомага беларуска-польскага роду Валовічаў збяруцца 15–16 кастрычніка ў Гродне,
паведамілі ў цэнтры масавых камунікацый Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я.Купалы.

На базе ВНУ адбудзецца рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Род Валовічаў у гісторыі і культуры ВКЛ (XV–XVII стст.)», якая праводзіцца ў рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2011–1015 гады «Гуманітарныя навукі як фактар развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі».

У рабоце канферэнцыі прымуць удзел вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, Нацыянальнага навукова-даследчага архіва Беларусі, Акадэміі ўнутраных спраў РБ, Полацкага дзяржуніверсітэта, гродзенскіх ВНУ.

Даследчыкі прадставяць новыя факты радаслоўнай Валовічаў, аб жыцці, дзейнасці і ўладаннях прадстаўнікоў гэтага дваранскага роду ў Гродзенскім павеце, Магілёўскім старостве. Будуць уздымацца пытанні іх ролі ў палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага. Удзельнікі канферэнцыі прадставяць знойдзеныя дакументы па гісторыі роду Валовічаў, звесткі аб родзе ў беларуска-літоўскіх летапісах і хроніках, іканаграфію Валовічаў. У тым ліку будзе разгледжана пытанне прадстаўлення роду ў турыстычнай перспектыве Гродзенскай вобласці.

Беларуска-польскі род Валовічаў адыграў значную ролю ў гісторыі сучаснай Беларусі і Польшчы. Многія з яго прадстаўнікоў у розны час займалі высокія дзяржаўныя, ваенныя і царкоўныя пасады ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Валовічы пакінулі нашчадкам і архітэктурную спадчыну. У прыватнасці, у спіс матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўнесены пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя па праекту італьянскага архітэктара Джузэпэ дэ Сака ў Гродзенскім раёне палацава-паркавы комплекс «Свяцк», які належаў гэтай сям’і. Цяпер аб’ект перададзены камерцыйнай структуры Нацыянальнага банка ААТ «Санаторый «Азёрны» для аднаўлення і далейшай эксплуатацыі з выкананнем ахоўных абавязацельстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?