Капусьцінскі стварыў унікальныя ў сваім кшталце творы – пра сьвет адкінутых гэтым сьветам, прычым убачаны праз нацыянальныя акуляры, напісаны нацыянальным пяром нацыянальнага пісьменьніка. Эсэ Адама Міхніка.

«Няпроста было Рышарду Капусьцінскаму працаваць ні ў панурую задуху ваеннага становішча, ні раней, ні пазьней. А ён такі ўсё жыцьцё працаваў, мысьліў і пісаў. Ён стварыў унікальныя ў сваім кшталце творы – пра сьвет адкінутых гэтым сьветам, прычым убачаны праз нацыянальныя акуляры, напісаны нацыянальным пяром нацыянальнага пісьменьніка. Твор Рышарда Капусьцінскага належыць да найважнейшых знакаў нацыянальнае польскае прысутнасьці на вяршынях сучаснай культуры.

Капусьцінскі заўжды заставаўся на баку слабых і адкінутых.

Быў у гэтым глыбінны гуманізм і аўтэнтычны гераізм супраціву супраць усялякай нецярпімасьці, ксэнафобіі, этнічнага нацыяналізму і рэлігійнага фанатызму. Была таксама глыбокая здатнасьць зразуменьня беднага, пакрыўджанага і прыніжанага чалавека ў сьвеце дыктатуры, грошай i паліцыі. І быў у гэтай паставе таксама пратэст супраць фанабэрыі эўропацэнтрызму, якая заважала заўважаць лёсы і пакуты жыхароў «ускраінаў гісторыі».

Такая пісьменьніцкая пазыцыя дала Рышарду Капусьцінскаму магчымасьць стварыць унікальныя і непаўторныя творы. Ён стаў фэномэнам польскай і эўрапейскай літаратуры. Большасьць з нас, сканцэнтраваных на ўласнай гісторыі ‑ разьдзелах i перадзелах, нямецкай і савецкай акупацыі, Гітлеру і Сталіну, Асьвенцыме і Катыні, дыктатуры і датах нацыянальнай гісторыі – ня здольная і ня хоча разумець гісторыі болю Іншага. Мы не задумляліся пра генацыд у Руандзе, кашмар гандлю рабамі, вялікі голад у Эфіёпіі, прычыны рэвалюцый у Лацінскай Амэрыцы і Іране. Ён пра ўсё гэта пісаў».

Эсэ Адама Міхніка памяці нашага вялікага земляка, ураджэнца Пінску Рышарда Капусьцінскага чытайце тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0