Калі найважнейшыя законы прымаюцца таемна — гэта бяда. Але калі гэтыя законы таемна разглядаюцца Канстытуцыйным судом на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі — гэта ўжо сапраўдная катастрофа.

Пакуль пытанне пра катастрофу павісла ў паветры, бо пад скандальнымі законапраектамі, якія сёння абмяркоўваюць усе, Лукашэнка подпісу яшчэ не паставіў. І на сайце Канстытуцыйнага суда няма нават намёку на тое, што апошнія заканадаўчыя новаўвядзенні былі правераныя на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі і таму ці не перакрэсліваюць яны тыя правы і свабоды грамадзян, якія Галоўны Закон гарантуе. Таму я зыходжу з таго, што Канстытуцыйны суд яшчэ не сказаў свайго слова. Што ён толькі збіраецца з думкамі і сіламі.

Суддзі Канстытуцыйнага суда раней нічога не маглі.
Яны не ацэньвалі, як праходзяць у краіне выбары і ці сапраўды ў краіне забяспечваюцца роўныя правы і магчымасці для ўсіх кандыдатаў (арт. 4, 65, 68 і іншыя).

Яны не ацэньвалі, ці забяспечваецца ў краіне палітычны плюралізм і ці могуць усе палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі выказваць у дзяржаўных СМІ сваю пазіцыю, хоць гэта таксама прадугледжана Канстытуцыяй (арт. 4, 5 і іншыя).

Калі ў Беларусі разганялі акцыі пратэсту, ліквідавалі партыі, грамадскія арганізацыі, газеты, яны таксама не давалі гэтаму ніякай ацэнкі. Таму што ў нашага суда проста няма такой кампетэнцыі — ацэньваць тыя ці іншыя дзеянні ўлады.
Ён можа ацэньваць дзеянні ўлады толькі тады, калі яна сама пра гэта папросіць. А ўлада не просіць, яна не сумняецца, яна сама ведае, што рабіць і як правільна. Суддзям заставалася толькі пісаць падручнікі з правільнымі выкладкамі, як павінна быць у нармальнай, цывілізаванай, дэмакратычнай дзяржаве.

Аднак у 2008 годзе ў гэтую наймагутнейшую канструкцыю здольнасці ўлады рабіць любыя замахі на Канстытуцыю было дададзенае адно новае звяно. І яно можа стаць альбо абсалютна бессэнсоўным, альбо вельмі важным, ключавым.

Мы нават ведаем аўтара гэтага ноў-хаў.

Намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, асацыяваны чалец Венецыянскай камісіі ад Беларусі Аляксандр Уладзіміравіч Марыскін калісьці вёў у мяне гісторыю канстытуцыйнага права. Быў вельмі талковы выкладчык, не зануда, эрудыт. Калі зрабілася цалкам відавочна, што Канстытуцыйны суд у нашай краіне — орган абсалютна дэкаратыўны і пакінуты без працы, бо пасля 1996 года ніхто з тых, каму дазволена, нават падумаць не мог, каб аспрэчыць канстытуцыйнасць прэзідэнцкіх указаў, дэкрэтаў або прадстаўленых ім у парламент законаў, менавіта Марыскін знайшоў чым збянтэжыць суд. Ён выказаў дзве прапановы.

Першае. Даць суду права праводзіць экспертызу на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі заканадаўчых актаў перад іх падпісаннем прэзідэнтам.

Другое. Даверыць Канстытуцыйнаму суду права тлумачыць дэкрэты і ўказы прэзідэнта, бо адны і тыя ж нормы гэтых дакументаў розныя дзяржорганы бачаць па-свойму.

Правяраць законы суду дазволілі, тлумачыць прэзідэнта — не. Але нават гэта, як выявілася, нямала. Пры наяўнасці прафесійнага гонару, сумлення, смеласці, грамадзянскай пазіцыі, жаданні захаваць самае важнае для любога чалавека — рэпутацыю і перад калегамі, і перад вучнямі, і перад дзецьмі, і перад гісторыяй.

І вось цяпер надышоў момант. Канстытуцыйны суд не толькі МОЖА, але і МУСІЦЬ ацаніць на адпаведнасць Канстытуцыі ўсе апошнія заканадаўчыя навінкі.
Напрыклад, як стасуюцца з Канстытуцыяй папраўкі ў закон «Аб масавых мерапрыемствах», якія ўводзяць забарону нават на маўклівыя пратэсты і дазваляюць толькі такія сходы людзей, якія санкцыянуе ўлада.

Суд не толькі МОЖА, але і МУСІЦЬ ацаніць папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія могуць зрабіць шпіёнамі і здраднікамі Радзімы сумленных людзей толькі таму, што яны працуюць, да прыкладу, у розных міжнародных аналітычных цэнтрах і інстытутах.

Суд не толькі МОЖА, але і МУСІЦЬ ацаніць папраўкі ў закон аб Камітэце дзяржаўнай бяспекі, якому прапануецца вырашаць усё — урывацца ў дамы і офісы, затрымліваць і абшукваць любога, нават не паведамляючы пракурору… Пры некаторых умовах ім нават можна будзе забіваць бяззбройных людзей і не несці за гэта адказнасці.

Дзеля справядлівасці трэба прызнаць, што многія з прапанаваных нормаў не новыя, але раней у Канстытуцыйнага суда не было магчымасці даваць ім ацэнку. І вось цяпер ён не толькі МОЖА, але і МУСІЦЬ.

Прычым з улікам таго, што, згодна з Канстытуцыяй, Беларусь — дэмакратычная і прававая дзяржава (артыкул 1), у якой любыя дзеянні па змяненні канстытуцыйнага ладу і дасягненні дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі караюцца (артыкул 3).

Падкрэсліваю, Канстытуцыяй вызначана, што ЛЮБЫЯ дзеянні.
Значыць, у тым ліку гэта прыняцце законаў, якія топчуць асноўныя правы і свабоды грамадзян, выціраюць ногі аб Канстытуцыю, на вызначаныя ёю пастулаты верхавенства правоў грамадзян над любымі іншымі карпаратыўнымі ці палітычнымі інтарэсамі. Законаў, якія скіраваныя не на развіццё дэмакратыі і народаўладдзя, а наадварот, ствараюць умовы для гвалтоўнага ўтрымання ўлады. Што, па сутнасці, і з’яўляецца спробай змены канстытуцыйнага ладу.
Дванаццаць суддзяў сёння могуць альбо санкцыянаваць звальванне краіны ў дэспатыю, альбо сказаць «Не!»
Яны могуць альбо выратаваць гэтую краіну, альбо штурхнуць яе ў бездань самавольства і беззаконня. Яны могуць альбо назаўжды перакрэсліць сваю рэпутацыю і ўвайсці ў гісторыю з ганебнай славай сталінскага пракурора Вышынскага, альбо застацца паважанымі людзьмі.
Вось гэтыя людзі:

Міклашэвіч Пётр Пятровіч — нарадзіўся ў вёсцы Касута Вілейскага раёна. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

Марыскін Аляксандр Уладзіміравіч — нарадзіўся ў горадзе Баранавічы. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

Бойка Таццяна Сямёнаўна — нарадзілася ў Віцебску.

Варановіч Тадэвуш Валянцінавіч — нарадзіўся ў вёсцы Нікольцы Мядзельскага раёна.

Данілюк Станіслаў Яўгенавіч — нарадзіўся ў горадзе Нікалаеўск-на-Амуры Хабараўскага краю. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

Ізотка Уладзімір Пятровіч — нарадзіўся ў вёсцы Дзярэмна Мглінскага раёна Бранскай вобласці.

Козырава Лілія Рыгораўна — нарадзілася ў Бабруйску. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

Падгруша Валянціна Васільеўна — нарадзілася ў вёсцы Шэйкі Клецкага раёна. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

Рабцаў Леанід Міхайлавіч — нарадзіўся ў вёсцы Аляксандраўка Шклоўскага раёна.

Сяргеева Вольга Генадзеўна — нарадзілася ў Мінску.

Цікавенка Анатоль Герасімавіч — нарадзіўся ў вёсцы Новая Алешня Рагачоўскага раёна. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

Чыгрынаў Сяргей Пятровіч — нарадзіўся ў Чэрвені.

Я спецыяльна паказала месца нараджэння. Каб усе разумелі, што не рукамі іншаверцаў, не рукамі заезджых гастралёраў, не рукамі людзей, чужых нашаму народу і нашай культуры, а рукамі беларусаў, тых, хто нарадзіўся і вырас на гэтай зямлі, тых, хто ведае, што яна перажыла праз апантаных уладай кіраўнікоў, сёння зробленая спроба ператварыць нашую краіну ў вялікую турму.

Таму я прашу гэтых людзей толькі пра адно.

Успомніць сваё дзяцінства, свой Бабруйск, Баранавічы, Мінск, вёску Шэйкі, Касуту, Нікольцы… Успомніць людзей, з якімі яны побач жылі і раслі. Успомніць вочы гэтых людзей, іх лёсы… І самім сабе адказаць на пытанне: «Ці заслужылі гэтыя людзі, іх дзеці, іх унукі таго, каб зноў перажыць 1937?» Ці заслужылі яны тое, каб жыць у сваёй краіне і нікога не баяцца? Ці заслужылі яны права жыць не ў турме, а ў нармальнай краіне?..

І нагадваю клятву, якую ўсе яны давалі: «Я (прозвішча, імя, імя па бацьку), бяру на сябе абавязанне перад народам Рэспублікі Беларусь сумленна, добрасумленна і справядліва абараняць канстытуцыйны лад і верхавенства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Гэтай клятвай вы бралі абавязанне не перад прэзідэнтам, не перад КДБ, а перад народам. Не аддавайце свой народ!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?