17 кастрычніка ў адпаведнасці з распараджэннем прэзідэнта Беларусі пачалася праверка сістэмы тэрытарыяльнай абароны краіны.
Як паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі, плануецца паставіць мінімальную колькасць мабілізацыйных рэсурсаў у штабы зон тэрытарыяльнай абароны Гродзенскай вобласці і горада Мінска, двух раёнаў, а таксама ў асобныя воінскія часці і падраздзяленні тэрытарыяльных войскаў. У далейшым будзе праведзена зладжванне фарміраванняў тэрытарыяльных войскаў, якія возьмуць удзел у вучэннях сіл тэрытарыяльнай абароны.
Як адзначылі ў прэс-службе, тэрытарыяльная абарона з’яўляецца найважнейшым складнікам мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў адпаведнасці з планам абароны краіны дзяржаўнымі органамі, органамі мясцовага кіравання, арганізацыямі, тэрытарыяльнымі войскамі ва ўзаемадзеянні з Узброенымі сіламі, іншымі войскамі, воінскімі фарміраваннямі і ваенізаванымі арганізацыямі.
Сярод асноўных мэт тэрытарыяльнай абароны — наданне абароне дзяржавы ўсеагульнага (усенароднага) характару, павышэнне магчымасцяў ваеннай арганізацыі дзяржавы па абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання дзяржаўных органаў і арганізацый, эканомікі, аб’ектаў інфраструктуры і жыццядзейнасці насельніцтва пры ўзнікненні ваеннай пагрозы і ў ваенны час.
Да задач тэрытарыяльнай абароны адносяцца, у прыватнасці, ахова і абарона аб’ектаў, выкананне асобных баявых задач сумесна са злучэннямі і воінскімі часцямі Узброеных сіл пры адбіцці акта ўзброенай агрэсіі, барацьба з дэсантна-дыверсійнымі сіламі і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі; вядзенне ўзброенай барацьбы на часова акупаванай сапернікам тэрыторыі, удзел ва ўзмацненні аховы ўчасткаў дзяржаўнай мяжы.
БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ