Суд Ленінскага раёна Брэста 17 кастрычніка вярнуў у міліцыю на дапрацоўку матэрыялы адміністрацыйнай справы праваабаронца Рамана Кісляка.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Кісляка 16 кастрычніка прыкладна ў 18.00 на бульвары Касманаўтаў падчас правядзення праваабаронцам адзіночнага вулічнага шэсця ў падтрымку віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага.

Пасля затрымання Кісляка даставілі ў Ленінскі РАУС Брэста, дзе ў яго дачыненні склалі адміністрацыйны пратакол на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства.

Ноч Кісляк правёў у ізалятары часовага ўтрымання, адкуль 17 кастрычніка быў дастаўлены ў суд.

«Не пачынаючы судовага пасяджэння, суддзя заявіў, што пасля вывучэння матэрыялаў маёй справы ў ёй выяўленыя недахопы. І для іх ліквідацыі справа адпраўляецца ў міліцыю, — паведаміў БелаПАН Кісляк. — Я таксама лічу, гэта справа не магла быць разгледжаная ў судзе. Са складзенага на мяне пратакола не зразумела, у чым канкрэтна я абвінавачаны, якую норму закона парушыў і якое несанкцыянаванае мерапрыемства праводзіў».

Паводле меркавання Кісляка, у яго дзеяннях няма складу адміністрацыйнага правапарушэння.

«Я папярэдзіў Брэсцкі гарвыканкам аб правядзенні мною 16 кастрычніка на пешаходнай частцы бульвара Касманаўтаў адзіночнага вулічнага шэсця супраць незаконнага ўтрымання пад вартай Алеся Бяляцкага, — адзначыў Кісляк. — Гэта акцыя не падпадае пад закон аб масавых мерапрыемствах, і я не абавязаны атрымліваць на яе дазволу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?