Адміністрацыя магілёўскай калёніі выяўляе падвышаную ўвагу да здароўя палітзьняволенага Зьмітра Бандарэнкі. Экс-кандыдату на прэзыдэнта Міколу Статкевічу на асабісты рахунак у шклоўскай турме не дайшлі дзьве пэнсіі. Маладафронтавец Эдуард Лобаў сустрэўся з маці ў турме «Ваўчыныя норы». Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў і лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч працягваюць адбываць карантын у турмах Бабруйску і Глыбокага.

Палітзьняволены Зьміцер Бандарэнка даслаў з магілёўскай турмы адразу чатыры лісты, у якіх паведамляе, што адміністрацыя разам зь лекарамі турэмнага шпіталя пачалі надзвычай цікавіцца станам ягонага здароўя, паведаміла «Свабодзе» жонка Вольга Бандарэнка: «Піша, што апошнім часам адміністрацыя калёніі і мэдыкі настойліва распытваюць пра стан ягонага здароўя. Ён кажа, што пяць месяцаў пасьля апэрацыі ня тое што не цікавіліся і не дапамагалі, а рабілі ўсё горш — і цяжкасьці цягаў, і па лесьвіцах хадзіў — наадварот, толькі пагаршалі становішча. А цяпер рэкамэндуюць садзіцца і г.д. Кажа, што ня ведае, з чым гэта зьвязана».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў працягвае адбываць карантын у камэры-адзіночцы бабруйскай турмы. Днямі яго наведаў адвакат, празь якога палітвязень прасіў перадаваць яму болей літаратуры, паведаміла «Свабодзе» жонка Ірына Халіп: «Да яго даходзяць газэты, ён атрымлівае лісты, якія яго вельмі падтрымліваюць. І яшчэ ён прасіў дасылаць часопісы, кнігі, і вось я зараз дасылаю. Бо разумею, што сядзець у чатырох сьценах увесь час — гэта можна з глузду зьехаць з-за таго, што нічога не зьмяняецца і няма чаго рабіць».

Падчас сустрэчы яшчэ аднаго экс-кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча з бацькам Віктарам Статкевічам стала вядома, што на асабістым рахунку палітвязьня не хапае дзьвюх ягоных пэнсіяў, паведаміла жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч:

«Грошы на рахунку Мікалая ёсьць, у тым ліку тыя, што людзі пералічвалі яму да дня народзінаў. Але Мікола пра іх ня ведае, бо яму не паведамляюць. Дзьве пэнсіі Міколы дзесьці зьніклі, бо іх пачалі пераводзіць у калёнію без маёй, ягонай ці яшчэ чыёй-небудзь волі, яшчэ са жніўня. Але першы перавод зьявіўся толькі ў кастрычніку. Калі бліжэйшым часам грошы ня зьявяцца, то будзем судзіцца — дзе падзелі пэнсіі Міколы Статкевіча».

Доўгатэрміновае спатканьне з маці ў івацэвіцкай турме «Ваўчыныя норы» цягам трох мінулых дзён атрымаў маладафронтавец Эдуард Лобаў. Маці Марына Лобава паведаміла «Свабодзе», што на сына перасталі ціснуць у справе напісаньня прашэньня аб памілаваньні. Ён таксама ня скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня. Але з турмы маці вярнулася ў прыгнечаным стане: «Канечне, я задаволеная, што пабачыла яго, што ён добра выглядае. Але вельмі цяжка было яго пакідаць, калі яго вялі за краты. Там такія дзьверы закратаваныя, і яго туды за гэтыя дзьверы павялі. Гэта вельмі прыгнятае маральна, асабліва калі ведаеш, што ён ні ў чым не вінаваты. Калі ведаеш, што наступнае спатканьне ня хутка, толькі вясной. Туды я ехала з добрым настроем, шчасьлівая была, што пабачу, а цяпер вяртаюся ў прыгнечаным стане і з разьбітым настроем».

Паплечнік Эдуарда Лобава, лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч пасьля пераводу ў калёнію ў Глыбокім застаецца ў камэры-адзіночцы. Чакаецца, што ў наступным месяцы яму дазволяць сустрэчу з бацькам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру