Выбары ў палату прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі павінны прайсці не пазней за 26 верасня 2012 года. Паводле прагнозаў Аляксандра Лукашэнкі, яны будуць няпростымі. Наступная выбарчая кампанія абмяркоўвалася сёння на сустрэчы кіраўніка дзяржавы са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай.

«Мы падыходзім яшчэ да аднаго перыяду, які ўзрушае асаблівую частку нашага грамадства: менш за год засталося да парламенцкіх выбараў, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — 

Мы ўжо думалі, што мінулая выбарчая кампанія (прэзідэнцкія выбары 2010 года) будзе пікам напружання ў краіне, але думаю, мы глыбока памыляліся».

«Я аналізую ўсе сегменты выказвання грамадскай думкі і бачу, што ўжо сёння пачынаюць нагнятаць сітуацыю ў нашым грамадстве і, натуральна, выкарыстоўваючы нейкія праблемныя моманты: фінансавае становішча, эканоміку і г.д.», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў пра недапушчальнасць змянення выбарчага заканадаўства. «Я б не стаў разглядаць варыянты, як ад нас сёння некаторыя патрабуюць, ломкі выбарчага заканадаўства. Гэта абсалютна непрымальна напярэдадні палітычнай кампаніі», — падкрэсліў Лукашэнка.

Як адзначалася на сустрэчы, у апошнія гады было зроблена вельмі шмат у плане ўдасканалення выбарчага заканадаўства. Гэта асабліва датычыць тых патрабаванняў, якія выстаўлялі Беларусі некаторыя міжнародныя арганізацыі, у прыватнасці, АБСЕ, сказала Ярмошына. Пры гэтым, падкрэсліла яна, шэраг зменаў трохі ўскладніў працу выбарчых камісій на месцах.

Цяпер, падкрэсліла кіраўнік ЦВК, самае галоўнае — правапрымяняльная практыка, якая павінна адпавядаць выбарчаму заканадаўству, і адказнасць усіх удзельнікаў выбарчага працэсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?