Расейскі Першы канал учора ў вячэрнім выпуску навін пракамэнтаваў новыя заявы Лукашэнкі пра магчымасць анулявання нядаўніх газавых і нафтавых дамоўленасцяў з Расеяй. У сюжэце расейскія журналісты выкарысталі кадры з дакументальных фільмаў вядомага беларускага рэжысёра Юрыя Хашчавацкага – «Плошча» і «Звычайны прэзідэнт».
З «Плошчы» расейскі тэлеканал паказаў кадры масавых акцый пратэсту, што адбыліся ў Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 года.
Са «Звычайнага прэзідэнта» Першы канал паказаў інтэрв’ю Лукашэнкі нямецкай газеце «Хандэльсблат». «Гітлер сфармаваў магутную Нямеччыну, дзякуючы моцнай прэзідэнцкай уладзе, і нямецкі парадак, які фармаваўся стагоддзямі. Пры Гітлеру гэтае фармаванне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта», – сказаў тады Лукашэнка.
Шмат беларускіх гледачоў сюжэт не ўбачылі, бо тэлеканал АНТ навіны Першага каналу больш не транслюе. Бачыць яго маглі толькі абаненты «Космас-ТВ» і ўладальнікі спадарожнікавых антэнаў.