У Гомелі невядомыя здзейснілі бандыцкі напад на актыўнага ўдзельніка Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку Віталя Пратасевіча.

Маладзён вяртаўся з працы, раптоўна каля пад’езду жылога дому на яго наляцела група баевікоў.

Злачынцы пераследвалі хлопца да малалюднага сквера, у якім яго збілі. Віталю Пратасевічу нанеслі мноства ўдараў, характары траўмаў пакуль невядомыя. Як паведамілі знаёмыя пацярпелага, Пратасевіч пасля здарэння вельмі цяжка дыхае. Падрабязнасці нападу высвятляюцца.

Радыё Рацыя ўдалося звязацца з Віталём Пратасевічам. Пацярпелы распавёў акалічнасці здарэння. Аказваецца, яго яшчэ ў тралейбусе суправаджала чацвёрка сумнеўных бамбізаў. Адчуўшы агрэсію з боку групы невядомых, Пратасевіч выйшаў на адзін прыпынак раней, чым трэба. У гэты момант за ім выбеглі пераследнікі.

Невядомыя нападнікі дагналі актывіста ў раёне сквера, дзе нанеслі яму некалькі траўмаў у вобласці твару. У прыватнасці, у маладзёна рассечанае брыво, разбіты лоб і мноства сінякоў па ўсім целе.

Паводле збітага актывіста, хуліганы былі апранутыя ў шапкі, старанна хавалі твары шалікамі альбо нацягнутымі да вачэй гарлавінамі швэдраў.

Віталь Пратасевіч пасля некалькіх апошніх акцыяў маўклівага пратэсту ў Гомелі неаднаразова заяўляў пра пагрозы з боку супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі. У дадзены момант актывіст вырашае, ці будзе звяртацца ў міліцыю па факце збіцця.

Нагадаем, Гомель — адзіны ў Беларусі горад, у якім акцыі маўклівага пратэсту па серадах не прыпыняліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?