Самай дзіўнай падзеяй апошняга часу (хоць мяне асабіста ўжо нічым па-сапраўднаму не здзівіш) можна лічыць даручэнне прэзідэнта падрыхтаваць адмену візавага рэжыму з Турэцкай Рэспублікай. Насамрэч, дзіўна тут усё.

Пачнём з таго, што падзея гэтая знакавая, хоць і незразумела пакуль, якім менавіта знакам яна абернецца — у першую чаргу, вядома, для ўязнога турызму (але і не ў апошнюю — для дзелавога і грамадскага жыцця краіны). І рэзанансу пры гэтым не было ніякага. Ну, даручыў і даручыў. Значыць, будзе выканана. Аднак «раптоўная» адмена візы за 60 еўра для турэцкіх грамадзян, якія пажадалі наведаць РБ, — гэта сур’ёзны, канцэптуальны крок, у якім адчуваецца пэўны паварот. Нічога падобнага ў апошнія гады мы не назіралі.

Са зразумелых прычынаў

цяжка сказаць, у якой меры ў гэтым даручэнні ўлічваліся (і ўлічваліся ці наогул), інтарэсы турбізнэсу.
Ва ўсякім выпадку, гэты крок стаў поўнай нечаканасцю для фірмаў, якія працуюць на прыём турэцкіх турыстаў. У асноўным гэта чатыры кампаніі — «АэраБелСэрвіс», «Смок Трэвел», «Ало турызм» і «Вакол свету». Наколькі мне вядома, ніякіх папярэдніх кансультацый Міністэрства замежных справаў з імі не праводзіла (ды і, шчыра кажучы, роля МЗС тут не галоўная — выканаць даручэнне). Затое літаральна на наступны дзень пасля з’яўлення навіны аб даручэнні прэзідэнта прайшла інфармацыя аб стварэнні ў Беларусі Асацыяцыі «Турэцкі Капітал», галоўнай мэтай якой з’яўляецца «стымуляванне беларуска-турэцкага дзелавога супрацоўніцтва». Магчыма, менавіта рэальныя ці патэнцыйныя турэцкія інвестары здолелі на высокім узроўні прасунуць рашэнне аб адмене візаў, дакладней, даручэнне аб падрыхтоўцы такога дакумента.

Але і турбізнэс напэўна не застанецца ўбаку ад працэсу.

Паўтару, што беларуская віза для грамадзян Турцыі на сённяшні дзень каштуе 60 еўра і адкрываецца ў беларускіх консульскіх установах з захаваннем усіх дакументальных фармальнасцяў. Гэта зусім не тое, што турэцкая віза для нас — марка за 20 у.е., крыва ўклееная ў аэрапорце Анталіі. Турэцкаму турысту трэба пайсці ў консульства, запоўніць анкеты, заплаціць, дачакацца візы. У цэлым звычайнаму турэцкаму грамадзяніну трапіць у Беларусь — як нам у Шэнген. Калі паглядзець статыстыку турэцкіх прыбыццяў у Беларусь за апошнія гады, то карціна сціпла-стабільная. У 2009 годзе уласна па турыстычных візах у Беларусь заехалі 4680 грамадзян Турцыі, у 2010-м — 4707. Статыстыкі за 2011 год няма, але, мяркуючы па водгуках аператараў, гэтым летам арганізаваныя групы турэцкіх турыстаў амаль перасталі ездзіць у Беларусь.

З 15 красавіка гэтага года бязвізавы рэжым з Турцыяй усталявала Расія, і наш мэтавы паток «турэцкападданых», якім аднолькава цікавыя Беларусь і Расія, мабыць, часткова пераарыентаваўся на нашу ўсходнюю суседку. Адна з прычын — цана пытання. Пералёт у Беларусь абыходзіцца прыблізна на 100 даляраў даражэй, чым у Расію. Тры ночы ў Мінску з пражываннем у гатэлі «Мінск», «Краўн Плаза» і «Вікторыя» і пералётам каштуюць для турыста з Турцыі каля 500 еўра. Раней лічылася, што ў нас рэстараны і клубы таннейшыя, але інфляцыя, два курсы і іншае давялі рэстаранныя цэннікі да нейкага незразумелага стану. У выніку турэцкія грамадзяне аддалі перавагу разнастайным танным турам у Маскву і Кіеў. А зімой, кажуць, яны даўно ўжо ездзяць у Ялту, дзе спеццана на пражыванне ў гатэлі для такіх турыстаў складае ўсяго 20 еўра за ноч.

Мы не дзеці і разумеем, пра якія менавіта «мэтавыя патокі» турыстаў у дадзеным выпадку ідзе гаворка.

Даўно не сакрэт, што існуюць адмысловыя групавыя туры для мужчын (у свеце іх вызначаюць як туры для халасцякоў або туры для жаніхоў), якія прыязджаюць на некалькі дзён у краіну, каб пацешыцца. Пра гэта спакойна кажуць у Расіі, ва Украіне, у Латвіі, нам таксама хопіць саромецца. Тым больш што да іміджу гэтага сэкс-напрамку і рэальных наступстваў для дэмаграфічнай сітуацыі (а такія наступствы, напрыклад, маюць месца ў Тайландзе) нам далёка — мы і звычайную турыстычную інфраструктуру развіць не можам, не кажучы ўжо пра спецыфічную.

Дарэчы, для тых турыстаў, пра якіх ідзе гаворка, у свеце ўсё-такі звычайна існуюць хаця б умоўна спецыялізаваныя гатэлі.

Ну, нядобра, калі ў нашых цалкам рэспектабельных «чацвёрках» і «пяцёрках» усю ноч ляскаюць дзверы на паверхах, таму што дзяўчаты-госці дынамічна, весела і шумна перамяшчаюцца з нумара ў нумар. Бо ў гатэлі жыве розная публіка. Ёсць і пажылыя людзі з розных еўрапейскіх краін, якія забаўляюцца выключна днём і выключна на нашых экскурсійных аб’ектах. Ёсць пілоты розных авіякампаній, якім трэба выспацца. Ёсць дзелавыя людзі, якія прылятаюць не на шуры-муры, а на перамовы.

Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што, як кажуць прафесіяналы турбізнэсу, ужо ў пазамінулым і ў мінулым сезонах ў Мінску пачалі з’яўляцца і іншыя турэцкія вандроўцы — звычайныя экскурсанты, сем’і. Але тэндэнцыя развіцця не атрымала, бо агульны паток гэтым летам высах амаль цалкам.

З аднаго боку, адмена візаў, вядома, паспрыяе больш інтэнсіўным паездкам турэцкіх турыстаў да нас. Нагадаем, што цяпер авіясувязь паміж краінамі забяспечваюць дзве авіякампаніі — «Белавія» і «Туркіш эрлайнз». Любая адмена візаў карысная, калі гаворка, вядома, не ідзе пра адсутнасць бар’ераў з краінай, якая мае міграцыйныя рызыкі. З іншага, мне асабіста нешта слаба верыцца, што зняцце консульскага збору і адмена адпаведных фармальнасцяў здольныя самі па сабе моцна падагрэць бізнэс або распаліць халасцякоў, якія, у прынцыпе, беларускі кірунак добра ведаюць. Але пажывем — пабачым.

Самае галоўнае, што міністру Мартынаву, на якога ўскладзенае выкананне даручэння, і памежным службам давядзецца падысці да пытання вельмі дэталёва і прапрацаваць розныя нюансы, звязаныя з бяспекай. Хто лётаў стамбульскім рэйсамі, той напэўна бачыў, што там, як правіла, ёсць і транзітныя пасажыры — грамадзяне афрыканскіх краін. Як бы замест бяскрыўдных турэцкіх халасцякоў да нас (або дакладней праз нас) не паехалі нядобрыя самалійскія хлопцы з падробленымі пашпартамі.

І яшчэ важны момант. На маю думку, сама па сабе навіна — гэта яшчэ і паказальны ўрок тым турыстычным грамадскім і дзяржаўным структурам, якія не першы год спрабуюць лабіраваць адмену візаў для грамадзян Еўрасаюза. Матываў і рацый ў лабістаў сабралося шмат. Шкада толькі, што энтузіясты ўпарта не жадаюць заўважаць рэальнасці, а менавіта — пакуль непераадольных перашкод, якія стаяць на шляху зняцця візавых бар’ераў для еўрапейскіх грамадзян. І справа не ў грашах. Групавая віза для тых жа прыбалтаў недарагая — 10–15 еўра, усё роўна групам літоўскіх турыстаў тут нецікава. Калі б была хаця б аддаленая надзея на тое, што сюды «ламануцца» патокі падарожнікаў з грашыма, візы, нягледзячы на ўсю коснасць сістэмы, адмянілі б — Беларусі патрэбная валюта. Будзем глядзець праўдзе ў вочы. На сённяшні дзень нам амаль няма чаго прапанаваць грамадзянам Еўрасаюза. Хоць адмяніць для іх візы сёння — гэта быў бы прыгожы жэст!

Пытанне з Турцыяй вырашылася так хутка, таму што ў ім, напэўна, прысутнічае нейкая выразная дзелавая матывацыя, а не толькі лабіраванне турыстычных інтарэсаў.
У раскрутцы краіны як турыстычнага напрамку ў нашым выпадку візы займаюць ужо апошняе месца. Вядома, прысутнічае тут і момант парытэту. Турцыя нас вунь як свабодна пускае, а каб трапіць у Еўрасаюз і Шэнген, беларусам трэба памучыцца, афармляючы дакументы на візу, не кажучы ўжо пра консульскі збор. На сённяшні дзень бязвізавы рэжым у Беларусі існуе толькі з Кубай, Сербіяй, Чарнагорыяй і Манголіяй (не лічачы, зразумела, грамадзян СНД). Вось цяпер дадаецца яшчэ і Турцыя.

Зрэшты, думаю, на сённяшні дзень мы значна больш адкрытыя і гатовыя да кантактаў, чым здаецца, зыходзячы з агульнага змрочнага іміджу Беларусі. Любой краіне цяжка быць нават у частковай ізаляцыі, тым больш калі цяжка з грашыма. Мабыць, нам зрабілі нейкую прапанову, і мы яе прынялі.

У сувязі з гэтым аналогія. Абсалютна выпадкова нядаўна мне давялося бачыць сцэнар відэароліка пра Беларусь пад назвай «Гасціннасць без межаў» (нагадаю, гэта афіцыйны слоган нашай краіны як турыстычнага кірунку). Сцэнар складаўся з апісання кадраў, у якіх Беларусь паўставала ў розных гістарычных вехах і выявах. Памятаю, у апісанні апошняга кадра былі прыблізна такія словы: «Дыскатэка, музыка, агні, дзяўчына танцуе з усімі…» Калі я правільна зразумела задуму і гераіня сюжэту атаясамліваецца з краінай, дык аўтарам можна зрабіць камплімент за цікавае, хоць і залішне адкрытае ўяўленне пра сучасны момант. Беларусь сёння — гэта сапраўды «дзяўчына, якая гатовая танцаваць з усімі». Шкада толькі, што дзяўчыну нашу ніхто асабліва не спяшаецца ангажаваць. Калі, вядома, не лічыць гэтых вар’яцкіх скокаў з Расіяй, з якой мы ўвесь час аджыгаем то шэйк, то ламбаду. І вось нарэшце, знайшліся добрыя людзі ўсходняга выгляду, адарвалі дзяўчыну ад сценкі. Праўда, які менавіта танец мы збіраемся выканаць з Турцыяй — павольны, хуткі, у пары, або кожны сам па сабе, — пакуль няясна. Думаю, пабачым не раней за наступную восень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?