На 22 кастрычніка прызначаны агульны сход сябраў Менскай гарадской калегіі адвакатаў, які з'яўляецца вышэйшым органам калегіі. На дадзеным сходзе плануецца разгляд прадстаўлення Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб датэрміновым адкліканні старшыні Менскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандра Пыльчанкі.

Дадзенае прадстаўленне было вынесенае выконваючым абавязкі Міністра юстыцыі А. Білейчыкам 31 жніўня 2011 года.

У прадстаўленні Міністэрства юстыцыі паказваецца, што

«Міністэрствам юстыцыі ў лютым 2011 года непасрэдна Пыльчанку А.В. вынесенае прадпісанне аб ухіленні парушэнняў Правілаў прафесійнай этыкі.
Акрамя таго, ён быў выключаны са складу Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці».

Таксама ў прадстаўленнi на адрас А. Пыльчанкі паказана, што ў лютым 2011 года па ягонай ініцыятыве «адбылося пасяджэнне прэзідыума Менскай гарадской калегіі адвакатаў з запрашэннем загадчыкаў юрыдычнымі кансультацыямі, на якім было прынятае рашэнне аб правядзенні агульнага сходу з мэтай асудзіць дзеянні Міністэрства юстыцыі па пазбаўленні ліцэнзіі шэрагу адвакатаў Менскай гарадской калегіі адвакатаў».

Відавочна, што кіраўніку Менскай калегіі адвакатаў помсцяць за спробу правесці пазачарговы экстраны сход Менскай гарадской калегіі адвакатаў у сувязі з пазбаўленнем Мінюстам ліцэнзіі адвакатаў Менскай гарадской калегіі, якія абаранялі удзельнікаў акцыі 19 снежня, - Паўла Сапелкі, Алега Агеева, Тацяны Агеевай, Уладзіміра Тоўсціка і Тамары Гараевай.

«Увесь

кіруючы склад Менскай гарадской калегіі адвакатаў лічыць сітуацыю, якая склалася, крытычнай і рэальна пагрозлівай
як незалежнасці адвакатуры як прававога інстытута, так і незалежнасці адвакатаў у прыватнасці», - публічна заявіў тады Аляксандар Пыльчанка.

Нагадаем, што ў гэтым годзе

былі пазбаўленыя ліцэнзіі адвакаты Тамара Сідарэнка, якая бараніла Уладзіміра Някляева, Уладзімір Тоўсцік і Тамара Гараева, якія баранілі Ірыну Халіп, адвакат Алег Агееў, які бараніў Алеся Міхалевіча, ягоная жонка адвакат Зарына Залеўскіая, адвакатка Тацяна Агеева, таксама ўдзельнічала ў вытворчасці следчых дзеянняў па гэтай крымінальнай справе. Адвакат Павел Сапелка, які бараніў Андрэя Саннікава, быў выключаны са складу Менскай гарадской калегіі адвакатаў
па прадстаўленні Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Трое з гэтых адвакатаў (П. Сапелка, Т. Агеева, А. Агееў) з'яўляліся сябрамі Прэзідыума Менскай гарадской калегіі адвакатаў - органа адвакацкага самакіравання.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?