Беларусь мае неабходны патэнцыял, каб стаць цікавай турыстычнай дзяржавай. Аб гэтым сёння журналістам заявіў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік. У Брэсцкай вобласці ён прымае ўдзел у інвестыцыйным форуме «Белавежская пушча — турызм і рэкрэацыя», які праходзіць у Пружанскім і Камянецкім раёнах.

Паводле яго слоў, вялікі патэнцыял для развіцця турыстычнага бізнесу мае рэгіён Белавежскай пушчы. «Але не толькі вакол гэтага нацыянальнага парку мы павінны сканцэнтраваць намаганні ў сферы развіцця турызму. У нас сёння ёсць усё неабходнае, каб зрабіць Беларусь цікавай турыстычнай дзяржавай. Гэтаму садзейнічаюць і прыродна-кліматычныя ўмовы, нацыянальная культура», — адзначыў Анатоль Тозік.

Пры гэтым віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што і ў далейшым пытанням развіцця сферы турызму ў краіне будзе ўдзяляцца значная ўвага. «Мы хочам і будзем рабіць усё неабходнае, калі трэба — ствараць дадатковыя ўмовы, каб турыстычная галіна стала адной з вядучых у Беларусі», — сказаў ён.

Намеснік прэм’ер-міністра выказаў упэўненасць, што сённяшні форум дасць значны штуршок для стварэння новых турыстычных аб’ектаў як у зоне Белавежскай пушчы, так і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Ён адзначыў, што на інвестфоруме са сваімі інвестыцыйнымі прапановамі прысутнічаюць практычна ўсе рэгіёны Беларусі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?