У сёньняшняй мэдыйнай вайне між "суб'ектамі саюзнае дзяржавы" калясальная перавага, натуральна, на баку Расеі. Спачатку трохі "абвастрылі" асобныя Лукашэнкавы выказваньні ў нафтавых пытаньнях (маўляў, анулюе пагадненьні!). А потым, калі Менск стаў удакладняць, яшчэ і зьверху далі зьдзеклівымі загалоўкамі кшталту "Беларусь абвяргае словы свайго лідэра".

Карацей, на вайне як на вайне. Масква выкарыстоўвае фактычна тыя самыя прыёмы, што доўгі час практыкаваліся беларускай прапагандай у дачыненьні да ўнутраных апанэнтаў. Зараз айчынныя ўлады апынуліся ў іхняй скуры перад раззлаванай імпэрыяй.

Але ўзьнікае вось якое пытаньне: ці ёсьць гэты мэдыйны абстрэл артылерыйскай падрыхтоўкай да нейкіх радыкальных дзеяньняў Крамля на беларускім кірунку?

Вось маскоўскі палітоляг Караганаў пашкадаваў днямі: маўляў, змарнавалі час, не гадавалі ў суседняй краіне прарасейскай эліты! Трэба хоць цяпер не спыняцца на паўдарозе...

Дык ці пачне зараз ажыцьцяўляцца праект "беларускага Януковіча"?

Менскі аналітык Валер Карбалевіч упэўнены: дальнабойных задачаў такога кшталту Крэмль пакуль што ня ставіць.

На думку аналітыка, адзіная асэнсаваная задача, якую расейскае кіраўніцтва ўзялося рэалізоўваць, хай сабе трохі і няўклюдна, — гэта скарачэньне субсыдыяў. Што ж да зьмены ўлады, то Масква, лічыць Карбалевіч, наўрад ці стане фарсаваць адпаведны сцэнар. Па-першае, шмат розных тармазоў: свае выбары і г.д. Па-другое, досьвед постсавецкага абсягу паказаў: у такія гульні на чужым полі расейцы гуляць ня ўмеюць.

Сапраўды, хіба не "праляцеў" ў 2004-м Юшчанкаў канкурэнт, якога лабіяваў асабіста Пуцін? Сёньня ж, займеўшы нарэшце важкія паўнамоцтвы, Януковіч не выглядае надта прамаскоўскім. Хутчэй спрабуе сядзець на двух крэслах (ці ляцець на двух крылах, карыстаючыся болей вытанчанай мэтафарай Лукашэнкі).

Так што запускаць сцэнар зьмены ўлады ў Беларусі для Масквы рызыкоўна. Што атрымаецца на выхадзе — гэта яшчэ бабуля надвая варажыла.

Пакуль што Крэмль будзе рэагаваць на беларускі сюжэт хутчэй сытуацыйна.

Лукашэнка гэта адчувае. Таму і стаў даводзіць, што сварыцца з Расеяй не зьбіраецца, але ж годзе ляцець на адным крыле!

Дэ-факта гэта азначае спробу лавіраваць між Масквой і Брусэлем. Аналітык Андрэй Суздальцаў, бадай, ідэалізуе стасункі між гэтымі цэнтрамі, сьцьвярджаючы, што яны "заўжды дамовяцца". І здольныя, маўляў, за лічаныя тыдні вырашыць лёс першага беларускага прэзыдэнта (натуральна, не на ягоную карысьць).

Лукашэнка не аднойчы дэманстраваў майстэрства прасьлізваць між Сцылай ды Харыбдай. Зараз варункі для яго, канешне, экстрэмальныя. Але ж нездарма афіцыйны кіраўнік цьвердзіць: дай бог кожнаму прэзыдэнту такую апазыцыю!

Ёсьць дзьве найактуальнейшыя праблемы, якія апазыцыя пакуль што не асэнсавала, лічыць Валер Карбалевіч.

Па-першае, гэта новая сацыяльна-эканамічная сытуацыя. (Сапраўды, столькі часу прадракалі гэты ўсходні аблом, а як дайшло да справы — ні бэ ні мэ ў сэнсе выразнай альтэрнатыўнай канцэпцыі!)

Па-другое, выклікам ёсьць Лукашэнкавы спробы пачаць балянсаваньне між Масквой і Захадам. Анэмічнай апазыцыі, у які бок ні зірні, застаецца амплюа трэцяга лішняга.

Ну а Масква... Менавіта маскоўскі палітоляг Сатараў саркастычна кажа: "Расея паказала зубы, а гэта аказалася ўстаўная сківіца, якую звыш таго эфэктна выбілі" :)

Ва ўсякім разе, найбліжэйшым часам справа, бадай, абмяжуецца мэдыйнымі абстрэламі.

Намёкі, што там ужо намацваюць "беларускага Януковіча", — бадай, таксама з піяраўскай абоймы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?