Сёння, 21 кастрычніка, на спецыяльна скліканым прэзідыуме Саўміна плануецца абмеркаваць існыя прапановы і выпрацаваць далейшую працэдуру і часавыя рамкі для выбару пераможцы таргоў.

Учора, 20 кастрычніка, скончыўся першы этап конкурсу па выбары інвестара для прамысловай распрацоўкі Петрыкаўскага радовішча калійных соляў. Конкурс быў абвешчаны 30 верасня 2011. За адносна кароткі тэрмін патэнцыйныя ўдзельнікі таргоў павінныя былі падрыхтаваць адпаведныя пакеты дакументаў і падаць іх у спецыяльную камісію пры Дзяржаўным камітэце па маёмасці Беларусі. Прыём дакументаў, згодна з умовамі конкурсу, быў завершаны ў 15.00 20 кастрычніка.

У ДКІ паведамілі «Ежедневнику», што прадмет конкурсу выклікаў цікавасць у патэнцыйных інвестараў — пададзена 5 заявак. Назваць удзельнікаў, праўда, адмовіліся, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу.

Пяць удзельнікаў, мяркуючы па тым, што яны ўзялі ўдзел у першым этапе таргоў, гатовыя цалкам выканаць мінімум, які патрабуецца ад іх паводле ўмоваў конкурсу.

Гэта, па-першае, выплата ў рэспубліканскі бюджэт разавага плацяжу за права карыстання нетрамі на працягу года з дня заключэння інвестыцыйнай дамовы. Суму прапануе сама кампанія, але яна не павінна быць меншай за 146,5 млн даляраў.

Па-другое, пераможца бярэ на сябе абавязкі ўвесці ў дзеянне горна-абагачальны камбінат не пазней за 31 снежня 2021 г., яго мінімальная магутнасць мусіць скласці 1,5 млн тон калію ў год, максімальная — не больш за 3,5 млн тон.

Па-трэцяе, для рэалізацыі праекта ствараецца акцыянернае таварыства, у якім за дзяржавай рэзервуецца (на бязвыплатнай аснове) пакет у памеры не менш за 25% плюс 1 акцыя і доля ў будучым прыбытку (паводле падобнай схемы ў свой час стваралася кампанія, што атрымала першую ліцэнзію на развіццё сувязі GSM — «Мабільная лічбавая сувязь»).

Яшчэ адно важнае патрабаванне — гэта пакрыццё ў рэспубліканскі бюджэт выдаткаў, раней панесеных дзяржавай на правядзенне геолагаразведачных работ у суме 20,7 млн даляраў.

За ўсё гэта інвестар у выніку атрымае права карыстання радовішчам на 50 гадоў з магчымасцю падаўжэння гэтага тэрміну.

Інфармацыя па справе

Петрыкаўскае радовішча калійных соляў размешчанае ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці.

Дэталёва разведаныя запасы радовішча па прамысловых катэгорыях (А, В, С1) складаюць: сырыя солі (руда) — 1064 млн тон у эквіваленце К2О — 236 млн тон.

Акрамя таго, папярэдне разведаныя запасы (па катэгорыі С2) складаюць: сырыя солі (руда) — 925 млн тон у эквіваленце К2О — 179 млн тон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?