Увечары 19 кастрычніка ў Паўночным мікрараёне Баранавічаў маленькі хлопчык праваліўся ў прамысловы калодзеж, вечка якога перавярнулася, калі хлапчаня наступіла на яе.
Па словах маці, вяртаючыся з крамы каля 20:30, яна вяла сына Рому за руку. Хлопчык ішоў па бардзюры, а пасля ступіў на траву… «Я нават не сцяміла адразу, што здарылася, — распавяла Наталля.
— Раз, і ён выслізнуў з маёй рукі, а ў наступнае імгненне я пачула яго крыкі недзез-пад зямлі.
Было ўжо цёмна, я ўзіралася ў калодзеж, але нічога не бачыла…».
Маці Ромы стала клікаць на дапамогу.
Да яе адразу падбеглі жанчыны, што былі паблізу. Якраз у гэты час побач праходзіла група хлопцаў, якія таксама паспяшаліся на крыкі. Яны асвятлілі ліхтарыкамі ад мабільных тэлефонаў месца,
а потым, утрымліваючы адзін аднаго, змаглі дацягнуцца да Ромы і за куртку выцягнуць яго з калодзежа.«Гэта ўсё працягвалася нейкіх 5–10 хвілін, але мне яны здаваліся гадзінамі, — успамінае маці хлопчыка. — Ад шоку я нават не падзякавала хлопцам і не спытала, як іх завуць. Зараз праз газету хачу сказаць ім вялікі дзякуй».
Калодзеж часткова запоўнены вадой, у ім праходзяць пучкі кабеляў, у некаторых месцах тырчаць металічныя абрэзкі, і шчасце, што малы не пацярпеў: пасля лекары выявілі толькі сіняк на каленцы.
«Рому дасталі ўсяго мокрага, са штаноў цякло ручаём, — распавядае Наталля. —
Ён, напэўна, стаяў па пояс у вадзе, не разумеў, што з ім адбываецца, і клікаў мяне.
А потым, ужо наверсе, сын некаторы час маўчаў і глядзеў у адну кропку».
Прыехала міліцыя, склала пратакол, паабяцаўшы высветліць, якой арганізацыі належыць калодзеж. Рома зараз праходзіць абследаванне ў псіхолагаў і неўролагаў.
«Мне не трэба ніякай маральнай кампэнсацыі, — тлумачыць мама малога. — Я хачу, каб пакаралі тых, хто адказвае за калодзеж,
хто не загарадзіў гэты ўчастак і не пазначыў як небяспечны, калі нармальны люк скралі.
Кожны павінен працаваць і нармальна выконваць свае абавязкі.Страшна падумаць, што б здарылася, апыніся гэты калодзеж запоўненым вадой. Пакуль ніхто нічога там не выправіў, туды і цяпер можа праваліцца
Калодзеж да гэтага часу прычынены самаробна тонкай і няўстойлівай металічнай накрыўкай. Побач знаходзяцца школа і дзіцячы сад.