Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка, давераная асоба экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, пераведзены з санчасці ў каранцінны блок Магілёўскай калоніі № 15, паведаміла яго жонка Вольга Бандарэнка.

Паводле яе слоў, Дзмітрый Бандарэнка прыслаў кароткі ліст. «Ну вось, лібералізацыя. Мяне перавялі ў памяшканне каранціну. Можа, у найбліжэйшую сераду, можа, праз тыдзень падымуць у нейкі атрад, — піша палітык. — Усе абяцанні начмеда аб тым, што мінімум да новага года будуць трымаць у медчасці, забытыя. Пра здароўе можна забыць».

Як паведаміла Вольга Бандарэнка, на працягу апошняга месяца начальства калоніі настойліва цікавілася здароўем Дзмітрыя. «У медчасць ён быў змешчаны адразу ж пасля дастаўкі ў калонію. На працягу апошняга месяца начальства пыталася ў яго, як здароўе, і гаварылі яму, што пара б ужо і паправіцца. У адказ Дзмітрый гаварыў, што пасля аперацыі ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска яму сказалі, што рэабілітацыйны перыяд павінен скласці не менш чым шэсць месяцаў», — сказала Вольга Бандарэнка.

Таксама, паводле яе слоў, начальства калоніі дагэтуль адмаўляе ў атэстацыі Дзмітрыю Бандарэнку. «Атэстацыя патрэбная для таго, каб падаць дакументы ў суд на змякчэнне прыгавору. Тым больш Дзмітрый ужо адбыў траціну тэрміну пакарання, і са здароўем у яго праблемы», — адзначыла Вольга Бандарэнка.

***

Дзмітрый Бандарэнка, асуджаны за падзеі 19 снежня на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, цяпер адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 Магілёва.

Нагадаем, пасля арышту ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні, і 26 ліпеня ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска яму зрабілі аперацыю на пазваночніку.

20 жніўня закончылася траціна тэрміну зняволення Бандарэнкі, і, згодна з законам, ён меў права на змякчэнне пакарання, аднак у гэтым яму было адмоўлена, як лічаць родныя і паплечнікі Дзмітрыя, па надуманых прычынах.

У пачатку верасня стала вядома, што Дзмітрый Бандарэнка намінаваны на прэмію Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» па ініцыятыве польскага парламентарыя Марэка Мігальскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?