Знакамітыя першыя такты паланеза Агінскага вось ужо які год усталяваныя ў якасці аларма на турнікетах маскоўскага метро.

Штораз, калі пасажыр, якому тыя ці іншыя меркаванні не дазваляюць плаціць за праезд у метрапалітэне, здзяйсняе імклівы скок па-над турнікетам, альбо вокаймгненна пралятае праз яго, ня даўшы сябе паймаць злавесным і страшным з самога дзяцінства (асабліва мужчынам) карнікам-бар’ерам, што выскокваюць з жалезных нутраў прапускной машыны, вестыбюль станцыі агалошваецца непрыемным піскам, у якім несумненна адгадваецца славутая мелодыя Агінскага, працятая тугою па родным краю, па Беларусі.

На найбольш актыўных станцыях маскоўскага метро, што знаходзяцца побач з буйнымі станцыямі чыгуначнымі, у ранішнюю гадзіну пік відовішча часам нагадвае перасячэнне ручая бясконцым статкам сайгакаў, альбо наадварот стварае ў галаве карціну, як плынь ракі агінае затанулае бервяно — так паток «ківачовых мігрантаў» з Падмаскоўя, прыбылых на электрычках на працу, перакрочваюць перашкоду на шляху ў маскоўскія метрапалітэнавыя падзямеллі.

І да столі гучыць бяз словаў пранізліва, пад бездапаможны свіст паўабыякавых бабуляў-вартаўнікоў ва ўніформе, — Ростань на ростанях краiны. Ранiць думкi шлях абраны….

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?