Беларускія вытворцы цукру перажываюць няпростыя часіны. Галіна, на палову арыентаваная на экспарт, увадначасьсе страціла адзіную крыніцу продажаў сваёй прадукцыі. Пра прычыны «цукровай вайны» з Расеяй, гісторыю разьвіцьця і пэрспэктывы беларускай цукровай прамысловасьці распавядае незалежны эканамічны экспэрт Вадзім Сяховіч.

«Наша Ніва»: Што сталася прычынаю «цукровай вайны» з Расеяй: актыўнае разьвіцьцё расейскай цукровай прамысловасьці, якое робіць непатрэбным імпарт, ці паводзіны беларускіх экспартэраў?

Вадзім Сяховіч: Варта разглядаць цэлы комплекс прычынаў. Імклівае разьвіцьцё гэтай галіны харчовай прамысловасьці я лічу адным з найбольш удалых прыкладаў дзяржаўнай палітыкі. За апошнія гады на Нью‑Ёрскай таварнай біржы адносна беларускай цукровай прамысловасьці прыжыўся тэрмін «беларускі фэномэн». За кароткі пэрыяд з краіны‑імпартэра Беларусь ператварылася ў буйнога вытворцу цукру. Паводле зьвестак расейскіх экспэртаў, доля беларускага экспарту на расейскім рынку дасягала ў апошні час 10 %. І ўсё дзякуючы вялікім дзяржаўным укладаньням у галіну, якую правільна і своечасова ацанілі як здатную прыносіць вялікія прыбыткі. Цяпер у Расеі зьявіліся перадумовы забясьпечваць свае патрэбы ўласнымі сіламі. Дзіўна тое, што расейскія ўлады доўгі час заплюшчвалі вочы на прэтэнзіі сваіх вытворцаў і толькі цяпер вырашылі бараніць іх ад канкурэнцыі зь беларусамі.

За апошнія гады на Нью‑Ёрскай таварнай біржы адносна беларускай цукровай прамысловасьці прыжыўся тэрмін «беларускі фэномэн».

«НН»: Ці слушна абвінавачваюць беларусаў у сумнеўных схемах паставак цукру ў Расею?

ВС: Можна дапусьціць, што пэўныя сумнеўныя моманты, зьвязаныя з рэалізацыяй прадукцыі, былі. Але трэба аддаць належнае — схемы паставак цукру ў Расею былі вельмі ўдалыя. Да 1999 г. увогуле праблемаў не існавала, нават з сырцом. Яго завозілі і завозяць з Паўднёвай Амэрыкі. Для гэтага выкарыстоўваюцца сухагрузы, што адвозяць туды нашыя калійныя ўгнаеньні. Той сырэц тады быў для нас таньнейшы, чым для расейцаў. Гэта пазьней Расея змусіла нашых вытворцаў дапасаваць закупачныя кошты сыравіны да ўзроўню Нью‑Ёрскай таварнай біржы, каб параўняць нас са сваімі вытворцамі. Потым расейскі мытны камітэт палічыў выдаткі нашай прамысловасьці на выраб трысьняговага цукру і прызнаў яго таварам трэціх краінаў, абавязковым для абкладаньня мытам. Бо ўнёсак нашых заводаў у перапрацоўку гэтай сыравіны быў мізэрны, а таму такі цукар быў вельмі танны. Тады ж упершыню была зачыненая мяжа і пачаліся праверкі паходжаньня беларускага цукру. У адказ была прыдуманая новая схема: цукар, выраблены з сырцу, пачалі рэалізоўваць на ўнутраным рынку, а з цукровікаў — у Расеі. Таму для беларускіх спажыўцоў цукар быў нават трошкі даражэйшы, чым для расейскіх. Аднак, хоць увоз трысьняговага цукру ў Расею і быў немагчымы, пастаўкі сырцу ў Беларусь нарошчваліся, і таму можна дапусьціць існаваньне пэўных нелегальных схемаў. Да таго ж у гэты час пачынае дзейнічаць набліжаная да Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта кампанія «Белая Русь». Я не магу сьцьвярджаць, што менавіта яна завозіла ў Расею сырцовы цукар, але дзеля адсутнасьці адзінага мытнага тэрміналу, які расейцы стварылі нядаўна, гэта было магчыма. Узяць, напрыклад, які‑небудзь Курскі мытны склад: дамовіўся, прывёз, і ніхто ня ведае. А наш цукар быў папулярны, бо заўважна таньнейшы. У 2004—2005 г. расейскае Міністэрства разьвіцьця эканомікі і гандлю зладзіла першае расьсьледаваньне прычынаў нанясеньня эканамічных стратаў айчынным вытворцам цукру. Тады вінаватых не назвалі. Наступнае сьледзтва высьветліла непасрэднае дачыненьне беларусаў да эканамічных стратаў, і вылілася яно ў стварэньне адзінага мытнага тэрміналу, празь які на працягу мінулага году прапускалі ўвесь наш цукар.

«НН»: У найбліжэйшай пэрспэктыве беларускі экспарт у Расею добраахвотна‑прымусова скарочаны, а ці ёсьць надзея на паўнавартаснае вяртаньне на гэты рынак праз 2 гады?

ВС: Думаю, такое вяртаньне немагчымае. Увядзеньне мераў нетарыфнага мытнага рэгуляваньня ёсьць адным з момантаў, які разбурае прынцып адзінай мытнай прасторы. А ўлічваючы тое, што адбылося ў нафта‑газавай сфэры, можна казаць пра дэнансацыю пагадненьняў 1995 г. Магчымае хуткае ўступленьне Расеі ў СГА змусіць яе ўвесьці яшчэ больш жорсткія абмежаваньні ў эканамічных дачыненьнях зь Беларусяй. І вяртаньня да ільготных схемаў ня толькі ня варта чакаць, але трэба рыхтавацца да праблемаў з пастаўкамі мяса‑малочнай прадукцыі, а таксама з пастаўкамі тых самых трактароў, тэлевізараў. Таму мы мусім цешыцца нават з таго аб’ёму паставак цукру, што нам прапанавалі. Магло б быць і горш.

«НН»: Калі не Расея, то на якія рынкі можа, і ці можа ўвогуле, разьлічваць Беларусь?

Пэрспэктыўнасьць галіны ацанілі правільна, аднак не пралічылі ўсіх варыянтаў датычна крыніцаў экспарту, фактычна завязаўшы ўсё ізноў жа на Расеі.

ВС: У гэтым сэнсе цукровае пытаньне супадае з нафта‑газавым. То бок пэрспэктыўнасьць галіны ацанілі правільна, аднак не пралічылі ўсіх варыянтаў датычна крыніцаў экспарту, фактычна завязаўшы ўсё ізноў жа на Расеі. Варта ўзгадаць, з чаго ўсё пачыналася. Яшчэ на пачатку 1990‑х г. нашымі заводамі зацікавіўся найбуйнейшы эўрапейскі вытворца цукру нямецкі канцэрн Suedzucker. Нават прапанаваў нам бізнэс‑плян мадэрнізацыі вытворчасьці. Немцам урэшце адмовілі, а іхны плян выкарысталі напоўніцу. Думаецца, каб немцы сталі ўладальнікамі нашых заводаў, з рынкам ЭЗ у нас не было б пытаньняў. Колькі год таму нашыя вытворцы досыць ненастойліва і неактыўна (бо ня ціснулі зьверху) спрабавалі замацавацца на азіяцкім рынку. Цяпер там разгортваюцца заходнеэўрапейскія пастаўшчыкі. Малавераемна, што яны падзеляцца з намі гэтым ласым кавалкам. Справа ў тым, што ў выніку перавытворчасьці цукру Эўразьвяз прапанаваў сваім вытворцам ільготы на пастаўку прадукцыі ў краіны Азіі. Ёсьць яшчэ Ўкраіна, куды мы колькі гадоў таму вазілі свой цукар. І гэта пры тым, што колькасьць заводаў там перавышае нашую ў дзясяткі разоў. Тая сытуацыя больш не паўторыцца. У любым разе нам не прыходзіцца больш разьлічваць на ранейшыя аб’ёмы экспарту, які б рынак мы ні засвоілі.

«НН»: Колькі цукру мы маем на сёньня і што будзем рабіць з рэштаю?

ВС: На сёньня мы маем наступныя лічбы: 1011,9 тыс.т. цукру‑пяску, зь якіх 448 тыс.т. цукру, вырабленых з нашых цукровікаў, 396 тыс.т. — з сырцу і 167,9 тыс.т. — рэшта зь леташняга году. Як вядома, унутраны рынак патрабуе каля 400 тыс.т., у Расею, паводле дамоўленасьці, пойдзе 180 тыс.т. Харчовая прамысловасьць патрабуе каля 20 тыс.т. на свае штогадовыя патрэбы. Такім чынам, рэшта складае каля 520 тыс.т. І пакуль няма яснага разуменьня, куды рэалізаваць такую рэшту. Дзіўна, але сярод беларускіх чыноўнікаў усё яшчэ пануюць наіўныя спадзяваньні на Расею. Ёсьць зьвесткі, што нашая дэлегацыя з Іванам Бамбізай на чале, кіруючыся на апошнія перамовы, была ўпэўненая, што атрымае квоту на 340 тыс.т. цукру. І такая ўпэўненасьць пануе даўно. Нягледзячы на пратэсты вытворцаў цукру, якія ўжо ад канца 90‑х прадбачылі сёньняшні сумны фінал, аб’ёмы вытворчасьці ўвесь час растуць — на гэты год заплянаваны пяціадсоткавы рост. Толькі некалькі гадоў таму пачалі значна нарошчваць плошчы пасадак цукровікаў, але ж і сырцу закупаем усё болей. На бліжэйшыя два гады фактычна заплянаваная работа на склад.

На бліжэйшыя два гады фактычна заплянаваная работа на склад.

«НН»: Чаму так адбываецца? Хіба нашыя чыноўнікі жывуць адным днём?

ВС: Праблемы ў цукровай галіне могуць каштаваць шмат каму пасадаў. І яны будуць забясьпечваць любыя паказчыкі, якія ім загадаюць. Бяда ў тым, што і на заводах кіраўнікі адвыклі думаць сваёй галавой. Калі ўсё стала вельмі сур’ёзна, па заводах разаслалі прапановы выказаць сваё бачаньне выхаду з крызісу. І ніхто не адказаў, бо адвыклі, што зь імі раяцца, а не загадваюць! Фактычна адным днём жыве ня толькі цукровая прамысловасьць, але ўся эканоміка. Большасьць пэрспэктыўных, найбольш прыбытковых прадпрыемстваў арыентаваная на хуткую і кароткатэрміновую выгаду і ня мае сур’ёзных нават сярэднетэрміновых плянаў. І так ад 1994 г.

«НН»: Якія пэрспэктывы чакаюць цукровую галіну?

ВС: Падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці непазьбежнае. Унутраны рынак безумоўна будзе забясьпечвацца і для гэтага хопіць уласнай сыравіны. Давядзецца адмовіцца ад сырцу ці, прынамсі, значна скараціць памеры імпарту сыравіны. Праблему адчуе ўся харчовая прамысловасьць, бо вытворчасьць цукру давала 30 % прыбыткаў ад агульнага аб’ёму. Слуцкі цукрова‑рафінадны камбінат займаў 10‑е месца сярод найбольш прыбытковых вытворчых прадпрыемстваў.

Вытворчасьць цукру давала 30 % прыбыткаў ад агульнага аб’ёму харчовай прамысловасьці

Шкада нашых цукравікоў, якія сталі закладнікамі не да канца прадуманай палітыкі. Чым яны разьлічацца за крэдыты, атрыманыя на мадэрнізацыю вытворчасьці, цяжка сказаць. Раней працэнты па крэдытах сплачваў адмысловы прэзыдэнцкі фонд. У сьвятле ж апошніх падзеяў разьлічваць на прэзыдэнцкую шчодрасьць больш не выпадае. Гісторыя, як вядома, ня церпіць умоўнага ладу, але цяпер будзе вельмі складана замацавацца на цукровым рынку: ці то ў Эўропе, ці то ў Азіі. На дадзены момант відавочна няма ніякіх варыянтаў вырашэньня праблемы.

«НН»: Абвастрэньне «цукровай вайны» супала з нафта‑газавым канфліктам. Ці можна разглядаць цукровыя гешэфты, на якія Масква столькі гадоў заплюшчвала вочы, адной з крыніцаў субсыдыяваньня беларускіх уладаў?

ВС: Ды ўвесь мытны саюз — гэта адзін вялікі канал субсыдыяваньня, які цяпер перакрываецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?