У Беларусі будзе арганізавана шырокамаштабнае святкаванне 125‑годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Адпаведны ўказ нумар 57 прэзідэнт Беларусі падпісаў 29 студзеня.

Як паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы, дакументам зацверджаны склад рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню святкавання 125‑годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа і план мерапрыемстваў да гэтага юбілею.

Святочныя мерапрыемствы і ўрачыстыя сходы, прысвечаныя гэтай даце, будуць праведзены на працягу 2007 года як у Беларусі, так і за яе межамі. Сярод іх — стварэнне тэматычных літаратурна‑мастацкіх і дакументальна‑публіцыстычных праграм, запіс і трансляцыя лепшых тэатральных спектакляў паводле твораў класікаў.

У рамках IХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі плануецца правесці канцэрт, у час якога прагучаць творы беларускіх кампазітараў на вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з ліпеня па лістапад будзе працаваць рэспубліканская выстаўка выданняў твораў класікаў беларускай літаратуры.

У верасні адбудзецца міжнародная навукова‑практычная канферэнцыя «Янка Купала і Якуб Колас у сістэме дзяржаўна‑культурных і духоўна‑эстэтычных прыярытэтаў ХХІ стагоддзя». Ва ўстановах адукацыі рэспублікі пройдуць паэтычныя чытанні, святы паэзіі, конкурсы на лепшыя сачыненне і малюнак.

Да юбілейных дат плануецца выданне друкаванай і сувенірнай прадукцыі, а самі ўрачыстыя мерапрыемствы атрымаюць шырокае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?