Беларусы сталі больш адпачываць у айчынных санаторыях і турыстычных комплексах, паведаміў журналістам міністр спорту і турызму Алег Качан пасля адкрыцця выставы «Турбізнес-2011» 26 кастрычніка ў Мінску.

«Вядома, крызіс паўплываў на агульныя тэндэнцыі развіцця турызму ў свеце, — зазначыў ён. — Самым цяжкім быў 2009 год, летась турбізнес пачаў набіраць абароты. Што тычыцца Беларусі, колькасць выязных тураў нашых грамадзян скарацілася, а вось у сферы ўнутранага турызму абарот павялічыўся. Людзі сталі больш адпачываць у айчынных санаторыях, турыстычных комплексах, на турбазах. Напрыклад, сёлета наведванне адрэстаўраванай часткі Нясвіжскага замка павялічваецца на 30–40% штомесяц».

На думку Качана, крызіс садзейнічае адкрыццю ў краіне новых турыстычных аб’ектаў. У 2011 годзе колькасць туркомплексаў павялічылася да 1.500 (летась — 1.200), будуюцца таксама гатэлі, аб’екты прыдарожнага сэрвісу. У галіну паступаюць не толькі дзяржаўныя сродкі, але і прыватныя інвестыцыі. «Турызм — самая хуткаакупная сфера, — заўважыў міністр, — і я б параіў тым, хто шукае сябе ў бізнесе, заняцца турысцкай сферай».

Міністэрства спорту і турызму прапаноўвае адкрываць на мяжы консульскія пункты для спрашчэння візавага рэжыму, паведаміў Качан. «Лібералізаваць уезд турыстаў у краіну — сам бог наказаў», — упэўнены ён.

Паводле яго слоў, магчымасць спрашчэння візавага рэжыму абмяркоўваецца на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў ужо некалькі гадоў. Мінспорту, у прыватнасці, зацікаўлена ў гэтым для павелічэння экспарту платных паслуг, растлумачыў Качан.

Міністр падкрэсліў, што размова не ідзе пра адмену візавага рэжыму, таму што «дзяржава павінна абараняць сябе». Разглядаецца толькі магчымасць лібералізацыі візавага рэжыму для іншаземцаў, якія прыязджаюць у Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?