Бахарэвіч А. Ніякай літасьці Валянціне Г. : Апавяданьні.– Менск: ІП Логвінаў, 2006. – 290 с. (Другі фронт мастацтваў).

Альгерд Бахарэвіч зрабіў сабе імя за апошнія гады. Раней былі выдадзеныя «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў» ды «Натуральная афарбоўка». У 2003 г. Альгерд быў узнагароджаны прэміяй «Гліняны Вялес».

Проза Бахарэвіча не зьяўляецца нейкай элітарнай. Гэта не замінае аўтару закідваць у свае творы мноства алюзіяў і іншых падводных камянёў. Як, напрыклад, у апавяданьні «Прыватны пляж на ўзьбярэжжы лета». Галоўным героям гэтага твору зьяўляецца ўнівэрсытэцкі выкладчык экзатычнай кудзінскай мовы, якую ў сьвеце ведаюць усяго пару соцень тубыльцаў. Аднак аўтар усё адно пакідае надзею, што яна можа ўратавацца, нягледзячы ні на што. Нічога не нагадвае? Бахарэвіч у сваіх творах нярэдка зьвяртаецца да нямецкай літаратуры, якую вельмі добра ведае.

У героях апавяданьняў Бахарэвіча найбольш імпануе тое, што зь імі ты можаш сутыкнуцца ў штодзённым жыцьці. Гэта і стомлены літаратурны работнік Хадок, якога напружваюць дзясяткі графаманаў, што водзяцца вакол рэдакцыі газэты, дзе ён працуе, і амбіцыйная Валянціна Г., якая гатовая пайсьці амаль што на ўсё, каб ейныя вершы былі надрукаваныя на старонак той самай газэты, і пэнсіянэр Сэнсэіч, якому абсалютна няма з кім пагаварыць, а невялікую пэнсію ён прапівае ўшчэнт. Каб убачыць іх у рэальным жыцьці, ня трэба прыкладаць вялікіх намаганьняў.

Апавяданьне «Пэйджэр» у 2004 г. было надрукаванае ў «НН» пад назвай «Віялета». Апроч апавяданьняў у кнізе зьмешчанае аўтарскае ліставаньне з культуролягам Юрасём Барысевічам.

Альгерд Бахарэвіч ніколі не працуе з карэктарамі, таму ў кнізе можна сустрэць нямала памылак, але гэта асабістая пазыцыя аўтара і кніга ад гэтага шмат не губляе. Проза Бахарэвіча мае моцны сюжэтны стрыжань, што вялікая рэдкасьць сярод сучасных беларускіх празаікаў. «Ніякай літасьці Валянціне Г.», побач са зборнікам Сяргея Балахонава «Імя грушы», можна сьмела назваць найбольш прыкметнымі беларускімі празаічнымі кнігамі 2006 году.

Шукайце ў кнігарнях і незалежных распаўсюднікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?