27 кастрычніка 1970 года ў нью-ёркскай лютэранскай царкве Святога Пятра адбылася прэм’ера рок-оперы Эндру Лойда Уэбэра «Ісус Хрыстос — суперзорка». Партыю Ісуса на арыгінальным альбоме спяваў Ен Гілан з Deep Purple, Іуду — Мюрэй Хэд, Марыю Магдалену — Івон Эліман.

Эндру Лойд Уэбэр стварыў шмат мюзіклаў, але «Іісус Хрыстос — суперзорка» — бадай самы значны. Віртуозна злучыўшы рок і поп-музыку, біблейскія сюжэты і фанкавыя рытмы, Уэбэр зрабіў ідэальны мюзікл для кожнага — ім захапляюцца аматары любога музычнага стылю. Аднак і ворагі ў «Суперзоркі» ёсць.

Супраць рок-оперы выступала каталіцкая царква. На прасторы былога СССР з бяскрыўднай «Суперзоркай» дагэтуль імкнецца змагацца царква праваслаўная. Даставалася мюзіклу і ад грамадскіх актывістаў, і ад аматараў чыстай рок-музыкі, якія лічылі што на рок-оперы «Томі» жанр вычарпаны.

Вядомы фільм паводле мюзікла стаў камерцыйна паспяховым, аднак у музычным плане — надта другасным. Трапіўшы на галівудскія рэйкі, мюзікл працягваў абураць некаторых вернікаў, а яшчэ і аматараў арыгінальнага запісу — усё ж такі ўзровень арыгінальнага падвойнага альбома ў далейшым аказаўся недасяжным.

Асобна трэба згадаць пра пераклады на іншыя мовы — удалымі іх таксама не назавеш. Ад зробленай у 90-я гады расійскай версіі робіцца крыўдна за арыгінал — надта ўжо шмат пафасу, ды і выкананне зусім не тое. Беларускамоўная версія «Ісуса» неўзабаве мусіць з’явіцца — год таму яе анансаваў галоўны рэжысёр тэатра імя Горкага Сяргей Кавальчык.

— Зараз у мюзікла будзе сусветнае турнэ, таму ліцэнзіі на яго пастаноўку па ўсім свеце пакуль прыпыненыя. — кажа спадар Кавальчык. — Мы вялі з праваўладальнікамі перамовы, аднак цяпер праект прыпынілі — да таго часу, пакуль не скончыцца сусветны тур. Тое самае датычыць і перакладу. Мы не апынуліся па-за нейкай рысай, проста цяпер няма магчымасці вырашаць пытанне ліцэнзіі. Магчыма, дарэчы, што мюзікл прывязуць і да нас. А калі турнэ скончыцца, мы абавязкова працягнем перамовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?