Журналістка Аліна Радачынская папярэджана Генеральнай пракуратурай Беларусі аб недапушчальнасці супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

Як паведаміла журналістка, яна прыйшла ў Генпракуратуру 27 кастрычніка па позве і гутарыла з саветнікам юстыцыі Паўлам Елісеевым. «Я была выклікана для давання тлумачэнняў,

аднак скарыстала сваё права не сведчыць супраць сябе і тлумачэнні даваць адмовілася.
Тым не менш мне было зачытана афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння беларускага заканадаўства, а канкрэтна — часткі 4 артыкула 35 закона аб друку, якая абвяшчае, што ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без акрэдытацыі забараняецца. Адпаведнае пісьмовае папярэджанне было ўручана адразу ж пасля зачытвання», — сказала Радачынская. Пад дакументам стаіць подпіс намесніка генеральнага пракурора Мікалая Кукліса.

Паводле слоў Радачынскай,

падставай для вынясення папярэджання стала яе супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам «Белсат».
«Папярэджанне было вынесена на падставе маіх матэрыялаў у эфіры тэлеканала. Акрамя таго, мяне бачылі на здымках і інтэрв’ю падчас працэсаў па справах аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Адзін раз нас затрымалі на вуліцы падчас апытання грамадзян», — адзначыла журналістка.

Радачынская заявіла, што, хутчэй за ўсё, будзе абскарджваць папярэджанне Генпракуратуры. «Я параюся з юрыстамі, высветлю, ці можна гэта зрабіць наогул і ў якім фармаце гэта адбываецца. У любым выпадку жаданне абскардзіць папярэджанне ў мяне ёсць», — сказала яна.

Як паведамлялася, сёння на гутарку ў Генпракуратуру быў выкліканы і журналіст Алег Ражкоў. Ён таксама адмовіўся гутарыць з супрацоўнікамі пракуратуры, але яму папярэджанне не выносілі.

На 28 кастрычніка ў Генпракуратуру выкліканы яшчэ адзін незалежны журналіст — Аляксандр Баразенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?