Мінбудархітэктуры прапаноўвае ўносіць жылое памяшканне, якое знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, у якасці ўзносу ў залік кошту будаўніцтва новага жылога памяшкання. Праект адпаведнага ўказа накіраваны на ўзгадненне, паведаміла прэс-служба ведамства.

Як мяркуюць у міністэрстве, такі парадак з’яўляецца адным з механізмаў, дзеянне якіх скіравана на дапамогу грамадзянам, што маюць ва ўласнасці жылое памяшканне (жылы пакой, кватэра, жылы дом, ізаляваная частка жылога дома, доля ў жылым памяшканні), у паляпшэнні іх жыллёвых умоў.

На думку распрацоўшчыкаў дакумента, яго прымяненне на практыцы дазволіць знізіць нагрузку на фінансава-крэдытную сферу дзяржавы за кошт зніжэння аб’ёмаў крэдытаў, што выдаюцца на будаўніцтва жылых памяшканняў; уцягнуць у рынак жылля жылыя памяшканні грамадзян, якія будуюць новае жыллё, актывізаваць і разнастаіць рынак жылля, насыціць яго найбольш запатрабаванымі малапакаёвымі кватэрамі; задзейнічаць дадатковы рэсурс прыцягнення грамадзян да будаўніцтва жылля.

Парадкам устаноўлена,

што кошт жылога памяшкання, якое перадаецца ўласнікам забудоўшчыку, замоўцу, бярэцца ў якасці першапачатковага ці (або) наступных узносаў у залік кошту будаўніцтва новага жылога памяшкання ў адпаведнасці з умовамі дагавора, заключанага паміж замоўцам, забудоўшчыкам і ўласнікам жылога памяшкання.

Мяркуецца, што ўласнік пасля заключэння дагавора будзе мець магчымасць працягваць карыстацца гэтым жылым памяшканнем з адпаведным адкладзеным афармленнем перадатачнага акта на заліковае жылое памяшканне.

Парадкам прадугледжана магчымасць не толькі продажу забудоўшчыкам перададзенага яму заліковага жылога памяшкання, але і выкарыстання гэтага памяшкання ў іншых, не забароненых заканадаўствам мэтах: перадача яго ў заклад банку ў якасці забеспячэння вяртання выданага крэдыту; выкарыстанне для адсялення грамадзян, якія жывуць у дамах, што знаходзяцца на будаўнічай пляцоўцы і прызначаны пад знос. Такія памяшканні могуць здавацца забудоўшчыкамі ў найманне; перадавацца ў якасці кампенсацыі замоўцамі (забудоўшчыкамі) жылых дамоў бюджэту горада кошту жылых памяшканняў або бязвыплатна перадавацца ў камунальную ўласнасць у якасці памяшканняў, прызначаных для перасялення грамадзян з жылых дамоў, што падлягаюць зносу ў сувязі з выдзяленнем ім зямельных участкаў пад жыллёвае будаўніцтва.

Магчымы таксама іншыя спосабы выкарыстання замоўцамі такіх памяшканняў, што не супярэчаць заканадаўству Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?