Гэта ўнікальны выпадак у Еўропе ХХІ стагоддзя. Аднаму чалавеку падпарадкоўваюцца выканаўчая, заканадаўчая і судовая ўлада. Ён жа прызначае кіраўнікоў выбарчай камісіі і ўсіх вялікіх СМІ. Калі ён да кагосьці звяртаецца на нарадзе, той абавязаны ўскочыць. Яго сын Коля ў вайсковай форме прымае парад побач з татам, і генералы аддаюць ім чэсць.

І, аказваецца, такі султанат можа быць стабільнай формай кіравання ў эпоху айфонаў. Доза прапаганды, доза рэпрэсій — і вялікая частка насельніцтва лічыць, што яму пашанцавала.

Я запытаўся аднаго венесуэльскага палітолага, дзеля чаго Чавэс спансаруе Лукашэнку. «Бо ўзамен Лукашэнка перадае веды, як утрымліваць уладу». А гэта дарагога варта.
Сярод ноу-хау Лукашэнкі — пастаноўка ўсіх дзяржаўных інстытутаў у залежнасць ад сябе і мэтаскіраванае аслабленне тых грамадскіх структур, які падпарадкаваць сабе не ўдалося.

Лукашэнка прыйшоў да ўлады, абапіраючыся на палітыкаў і чыноўнікаў з пакалення, што вырасла за Гарбачова. Яны прывыклі да самастойнасці і вялі сябе як свабодныя грамадзяне. Некаторыя нават наіўна спадзяваліся «перарасці свайго шэфа» і ўзначаліць краіну самім.

Лукашэнку прыйшлося ўжыць крайнія меры, каб дасягнуць «стабільнасці». Першы прэм’ер-міністр пры Лукашэнку, Чыгір апынуўся ў турме. Старшыня парламента Шарэцкі вымушаны быў эміграваць, як і лідар пазапарламенцкай апазіцыі Пазняк. Віцэ-прэм’ер Ганчар і міністр унутраных спраў Захаранка зніклі: імаверна, іх забілі.

Лукашэнка зрабіў свае вывады з першых гадоў свайго кіравання.

Надалей ён стараўся не дапускаць, каб у краіне з’яўляліся іншыя яркія асобы з палітычным значэннем.

Пасля гэтага ўсе прэм’ер-міністры і кіраўнікі палат парламента былі людзьмі старэйшымі за Лукашэнку, па запамінальнасці роўнымі вядру. Але

асабліва цікавы быў ягоны падыход да выбару кіраўніцтва сілавых ведамстваў. На сёння ніхто з кіраўнікоў чатырох асноўных сілавых структур: Службы бяспекі прэзідэнта, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Міністэрстваў унутраных спраў і абароны — не нарадзіўся ў Беларусі. Усе яны родам з іншых краін былога СССР. Яны расейцы? — запытаецеся вы. Не, яны савецкія людзі. Пераважна вайскоўцы і дзеці вайскоўцаў, у якіх малой радзімай была не нейкая нацыя, а вайсковыя лагеры імперыі.
Кіраўніца Цэнтрвыбаркама Ярмошына — з такіх жа.

Гэта былі людзі, для якіх распад СССР быў трагедыяй не толькі геапалітычнай, але і асабістай. Яны падтрымлівалі савецкага папуліста Лукашэнку, бо баяліся застацца чужымі ў новых нацыянальных дзяржавах. Але ў выбары легіянераў быў і яшчэ адзін рэзон.

Згодна з законамі Беларусі, неўраджэнец не мае права стаць прэзідэнтам краіны. Такім спосабам Лукашэнка засцерагаецца ад узнікнення ўнутры сістэмы постаці, якой бы стукнула ў галаву скінуць дыктатара сілай.

Нешта падобнае было ў султанаў — янычары. У той жа логіцы мысліў Кадафі, які стварыў асабістую ахову з жанчын.
У адрозненне ад іншых сучасных еўрапейскіх дзяржаваў, якія грунтуюцца перадусім на пачуцці нацыянальнай салідарнасці, культурнага адзінства, лукашэнкаўская дзяржаўнасць трымаецца ў большай ступені на вернасці феадалу або страху перад ім.

Аднак і султан урэшце робіцца залежным ад сваіх наймітаў.

Гэта і ёсць мінай запаволенага дзеяння пад беларускую дзяржаўнасць.
Краіна страчвае мову, не мае якараў у ЕС і НАТО.

Паказальна, што ў Маскве пасля адстаўкі аселі былы шэф лукашэнкаўскай адміністрацыі і міністр замежных справаў Латыпаў, былыя шэфы КДБ Мацкевіч і Ерын, былы міністр унутраных спраў Навумаў. Яны працуюць там у непразрыстых пуцінскіх бізнэс-структурах.

Лукашэнкаўская мадэль дыктатуры зрабіла нашу цэнтральнаеўрапейскую дзяржаву татальна залежнай ад Расіі і ў бяспецы, і ў эканоміцы, і ў кадравым плане.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?