У суботу 29 кастрычніка беларусы Бельгіі і Францыі сабраліся разам у Беларускай Грэка-Каталіцкай царкве ў Антверпене, каб успомніць сваіх дзядоў і разам памаліцца за душы родных і блізкіх, а таксама за душы тых, хто аддаў сваё жыццё за Веру Святую і незалежнасць і свабоду роднай Бацькаўшчыны.
Канешне, аддаць даніну малітоўнай памяці сваім продкам і спачылым героям прыйшлі далёка не ўсе, што аказаліся на чужыне — адчужэнне ад традыцый свайго народу моцна засела ў сэрцах шматлікіх беларусаў. Абыякавасць (а нярэдка і варожасць) да старадаўняе Хрыстовае веры, да ўласнае культуры і мовы, спараджае і абыякавасць да сваіх бацькоў, дзядоў, прашчураў. Але, як кажуць у народзе, — «Бог не Цімошка, бачыць нямножка», таму і застаюцца абыякавыя без Божага блаславення і пакутуюць ад сваёй жа неразважлівасці…

Пасля малітвы ў царкве, вернікі накіраваліся на могілкі ў Лёвэн, дзе пахаваны знакаміты аўтар шматлікіх твораў царкоўнай і патрыятычнай музыкі Мікола Равенскі. Ля ягонай магілы святар Ян Майсейчык адправіў заўпакойную ліцію, а ўсе

прысутныя праспявалі гімн «Магутны Божа», музыку для якога напісаў светлай памяці спадар Равенскі.
Падчас малітвы былі ўзгаданыя імёны беларусаў, якія перадалі эстафету любові і павагі да Бацькаўшчыны, і якія былі да апошніх сваіх дзён адданымі беларускай справе патрыётамі
. У сваёй казані айцец Ян падзякаваў прысутным за тое, што яны пераадольваюць усе цяжкасці, якія спадарожнічаюць стаянню ў добрым, і за тое, што яны сваёй прысутнасцю галасуюць за Беларушчыну.

Разам з дарослымі ў малітве ўзялі ўдзел і дзеці вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія з задавальненьнем пераймаюць традыцыі сваіх бацькоў. І гэта дае надзею, што Беларуская Вера і захаванне традыцый застануцца ў іх жыцці і будуць перададзеныя будучым пакаленням.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?