Місія па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Ірландыі, у склад якой увайшлі 45 назіральнікаў з Беларусі і Літвы, выявіла шэраг недахопаў і парушэнняў у працэдуры арганізацыі галасавання.

Як паведаміла кіраўнік місіі Настасся Матчанка, «гэтыя недахопы і парушэнні, аднак, не паўплывалі на вынік выбараў».

Назіральнікі, у прыватнасці, адзначылі праблемы ў канструкцыі кабінак для галасавання, якія поўнасцю не забяспечваюць тайну галасавання.

Таксама місія звярнула ўвагу на выкарыстанне выбаршчыкамі алоўкаў замест ручак.
Назіральнікі падкрэсліваюць, што надпіс, зроблены алоўкам, не такі даўгавечны, як зроблены ручкай, таму можа быць сцёрты ці зменены, што ў сваю чаргу можа паўплываць на дакладнасць вынікаў і змяніць канчатковыя лічбы. Апрача таго, назіральнікі адзначылі адсутнасць паслядоўнай практыкі ў праверцы дакументаў выбаршчыкаў.

Місія на выбарах у Ірландыі была арганізавана ў межах праекта «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» сумесна шэрагам арганізацый, што знаходзяцца ў Літве, — Belarus Watch, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і Беларускім домам правоў чалавека. Папярэднія місіі праекта працавалі ў Беларусі, Эстоніі, Грузіі, Латвіі, Літве, Нарвегіі, Польшчы, Швецыі і ва Украіне.

Прэзідэнцкія выбары ў Ірландыі адбыліся ў чацвер, 27 кастрычніка. Афіцыйныя вынікі былі абвешчаны праз два дні пасля чатырох тураў падліку галасоў, што адпавядае складанай выбарчай сістэме краіны. Пераможцам быў аб`яўлены 70-гадовы паэт Майкл Хігінс, які ў выніку набраў 61,6% галасоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?