photo.bymedia.net

Павялічаны стаўкі акцызаў на алкагольную прадукцыю, піва і тытунёвыя вырабы. Акцыз на алкагольную прадукцыю з аб’ёмнай доляй этылавага спірту 28% і больш і напоі вінныя, на алкагольную прадукцыю з доляй этылавага спірту ад 7% да 28%, на каньяк, брэндзі, кальвадос павялічаны на 33,3% — да 40 тысяч рублёў у разліку на 1 літр бязводнага (100%) этылавага спірту ў гатовай прадукцыі.

Як паведамілі ў прэс-службе канцэрна «Белдзяржхарчпрам»,

мінімальная цана бутэлькі прэйскурантнай гарэлкі складзе 22 000 рублёў, віна вінаграднага — 17 200 рублёў.
Апошні раз акцыз на гарэлку павялічваўся з 1 верасня — на 35,4%, да 30 тысяч рублёў.

Стаўка акцызу на цыгарэты з фільтрам коштам да 3 тысяч рублёў павялічана на 11%, да 17 тыс. рублёў за 1 тысячу штук, ад 3 да 6 тыс. рублёў — на 12,5% да 45 тысяч, пры кошце больш за 6 тыс. рублёў за пачак, а таксама на цыгарэты, рознічны кошт на якія не ўстаноўлены, — на 8,3% да 65 тысяч рублёў.

Даражэюць і лекі.
Для росту цэн на медыкаменты ёсць дзве прычыны. Па-першае, у пачатку месяца аптэкі маюць права праводзіць пераацэнку лекаў. Улічваючы, што ў сярэдзіне кастрычніка курс рубля зноў быў дэвальваваны, відавочна, што кошты на лекі будуць перагледжаны ў бок павелічэння. Па-другое, пасля аб’яднання гандлёвых сесій на валютнай біржы афіцыйны курс стаў адпавядаць рынкаваму, і пастаўшчыкі лекаў страцілі магчымасць купляць валюту для набыцця імпартных медыкаментаў па больш нізкім афіцыйным курсе.

Чакаецца, што разам з імпартнымі лекамі падаражэюць і айчынныя медпрэпараты, што на 70-75% складаюцца з замежных субстанцый, якія зараз аплачваюцца валютай па рынкавым курсе.

Стаў даражэйшы кошт праезду ў грамадскім і прыгарадным транспарце.
У Мінску адна паездка зараз будзе абыходзіцца пасажыру ў 1300 рублёў (да гэтага часу было 950 рублёў). Па інфармацыі «Мінсктранса», месячны праязны на адзін від транспарту абыйдзецца ў 51 200 рублёў, на два — 68 400 рублёў, на тры — 81 600 рублёў, на чатыры віды — 92 300 рублёў, на аўтобус-экспрэс — 64 700 рублёў.

Уладальнікам «маршрутак» дазволілі самастойна ўсталёўваць тарыфы на праезд «на аснове планавых затрат, падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў, устаноўленых заканадаўствам, і прыбытку, з улікам кан’юнктуры рынку, разлічанай зыходзячы з нарматыву рэнтабельнасці не больш за 15%».

На 300 рублёў вырас з 1 лістапада кошт праезду ў абласных і раённых цэнтрах. Цяпер адна паездка будзе каштаваць 1100 рублёў.

Новыя тарыфы ўстаноўлены і для прыгараднага аўтобуснага кірунку:

у аўтобусах агульнага тыпу на звычайных маршрутах — 220 рублёў за 1 км, з мяккімі адкіднымі сядзеннямі — 228 рублёў; на хуткасных маршрутах у аўтобусах агульнага тыпу — 286 рублёў, з мяккімі сядзеннямі — 296,4 рубля ; на дадатковых маршрутах у аўтобусах агульнага тыпу — 297 рублёў, з мяккімі сядзеннямі — 307,8 рубля; ў экспрэсных маршрутах у аўтобусах агульнага тыпу — 330 рублёў, з мяккімі сядзеннямі — 342 рубля. У цэлым, тарыфы на прыгарадныя маршруты павышаны на 77-78%.

У гэтым месяцы жыхары Беларусі заплацяць за кватэры па новых тарыфах з улікам двух тыдняў ацяплення.
Самі тарыфы павышаны з 1 верасня. Паводле разлікаў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у ацяпляльны перыяд плата за камунальныя паслугі за пражыванне ў двухпакаёвай кватэры плошчай 48 кв. метраў, дзе пражывае тры чалавекі, складзе 197.000 рублёў (у тым ліку за ацяпленне — 62,4 тысячы рублёў). У мінулым годзе такая ж кватэра абыходзілася ў суму 162,8 тысячы рублёў (у тым ліку за ацяпленне — 56,7 тысячы).

Нарматыў спажывання вады — 140 літраў у суткі на аднаго чалавека. Адзін кубічны метр вады ў цяперашні час каштуе 585 рублёў, адзін кубічны метр вады для каналізацыі — 305 рублёў, усяго — 890 рублёў. Да аб’ёмаў спажытай вады, якія перавышаюць 140 літраў у суткі, будзе прымяняцца тарыф, які забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў. Гэта 1440,9 рубля за кубічны метр вады і 1105 рублёў за кубічны метр вады для каналізацыі — усяго 2545,9 рубля.

З 1 лістапада пачынае дзейнічаць новая стаўка акцызу на дызельнае паліва — 676.260 рублёў за тону. У бліжэйшы час чакаецца чарговае падаражанне бензіну. З пачатку года цэны на паліва ў Беларусі мяняліся ўжо дзевяць разоў.

Даражэе мабільная сувязь. «Вэлком» аб’явіў аб павелічэнні кошту паслуг сувязі на 15%, праўда, не з 1 лістапада, а з 30-га. Як паведамляе прэс-служба кампаніі, тарыфы на выклікі і дадатковыя паслугі будуць акругленыя да аднаго рубля згодна з правіламі арыфметычнай акруглення, тарыфы на разавыя ўнёскі i адмысловыя паслугі — да 50 рублёў. Гэта будзе ўжо трэцяе падвышэнне тарыфаў velcom ў гэтым годзе, пасля таго як з 24 чэрвеня яны былі павялічаны на 10% і з 16 кастрычніка — на 7%.

«Белсел» c сённяшняга дня павялічвае тарыфы на міжнародныя званкі; МТС павысіў цэны ў сярэднім на 10% з 11 ліпеня; life:) значна падняў кошт шэрагу паслуг з 15 чэрвеня, а таксама павялічыў тарыфы на шэраг паслуг з 3 кастрычніка.

Як адзначыў у каментары БелаПАН эканаміст Сяргей Чалы, па ўзроўні даходаў беларусы вяртаюцца ў 2005 год. «І ўсё ж гэта перыяд згасання інфляцыі. Іншая справа, што ўзровень жыцця, які атрымліваецца на выхадзе, даволі нізкі і досыць нязвыклы для нашых грамадзян. Гэта ўзровень жыцця, які быў у нас у 2005 годзе. Але інакш як інфляцыйнымі механізмамі дамагчыся павышэння даходаў у існуючай сітуацыі нельга», — перакананы эканаміст.

Глядзі яшчэ: Бюджэтнікам будуць даплачваць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?