Мне было гадоў пятнаццаць, калі ад аднаго дзядзькі пачуў пытанне:

-- Ты мэні скажы, для чого жэлезны дорогы ў Совецькому Союзі обсаджэны кустамы й дэрэвамы?

Я пачаў быў пра снегазатрыманне, а дзядзька, махнуўшы рукой, прамовіў:

-- Начытаўсь.

Для того, шчоб німцы та хто там ішчэ не бачылы, шчо робыцца ў Советах.

Тады я кажу, што вось чыгунка ад Берасця да Уладавы не абсаджана ні кустамі, ні дрэвамі.

-- А хто тут іздыть, від кого ховаты? – задаў пытанне дзядзька. І пераканаў мяне.

Гэта была адна з тых размоў, што ўплывалі на выпрацоўку майго светапогляду і стаўлення да савецкай рэчаіснасці.

Мы былі рамантыкамі. І падставы для рамантызму, для аптымізму меліся.

...У 6-м класе Тамашоўскай васьмігадовай школы ішоў урок нямецкай мовы. Дзверы ў клас адчыніліся, і наша класная кіраўніца паведаміла, што ў космас паляцеў чалавек.

Як тут было не паддацца рамантычныму настрою, не стаць энтузіястам?

Зарапад і заняпад

Роўна праз два месяцы і тыдзень пасля пасля палёту Юрыя Гагарына, 19 чэрвеня 1961 года, адбыўся пленум Цэнтральнага Камітэта КПСС. А за два дні да пленума Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ аб узнагароджанні ордэнамі і медалямі тых, хто меў дачыненне да палёту Гагарына. У дзень пленума старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета Леанід Брэжнеў уручыў ордэны Леніна і залатыя зоркі “Серп і Молат” не толькі кіраўніку савецкага вайскова-прамысловага комплексу Дзмітрыю Усцінаву і прэзідэнту Акадэміі навук Мсціславу Келдышу. Такія ж узнагароды атрымалі першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў і другі чалавек у партыі Фрол Казлоў.

Паколькі Брэжнеў не мог уручыць узнагароду сам сабе, гэта зрабіў Яго намеснік – старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета Украіны Дзям’ян Каротчанка.

Мікіта Хрушчоў, які 17 чэрвеня стаў ужо тройчы героем працы, праз няпоўныя тры гады атрымае яшчэ і зорку Героя Савецкага Саюза. Партыйнага куратара вайскова-прамысловага комплексу Фрола Казлова праз няпоўныя два гады зваліць інсульт. Другой асобай у партыі замест Казлова стане Брэжнеў. Зорка, атрыманая ім 19 чэрвеня 1961 года, была першаю. Наперадзе яго, сціплага генерал-маёра часоў вайны, чакалі яшчэ чатыры...

Тую цырымонію большасць з нас не бачылі “жыўцом”, бо пра тэлебачанне мы толькі чулі. Цырымонію можна было паслухаць па радыё і паглядзець у кіначасопісе “Новости дня», які “круцілі” перад фільмамі. Пра яе можна было пачытаць у газетах.

Мы яшчэ не здагадваліся, што 19 чэрвеня

пачаўся зарапад, калі зоркі ў незлічонай колькасці будуць падаць на плечы і грудзі партнаменклатуры
, калі ў палітбюро ў рэшце рэшт засядуць амаль адны героі.

Новая хваля энтузіязму

У той час, час энтузіязму і, бадай, найвышэйшага ўзлёту савецкай сістэмы ніхто не думаў, што пачынаўся яе заняпад.

Пленум 19 чэрвеня 1961 года ўвайшоў у гісторыю тым, што на ім было вырашана апублікаваць праекты новых праграмы і статута КПСС. Праект праграмы апублікавалі амаль адначасова.

Гэта пазней многім з нас стала відавочна, што

падзеі такога кшталту, як палёт Гагарына, выкарыстоўваліся ў прапагандысцкіх мэтах: маўляў, вось яны – перавагі савецкага ладу жыцця, савецкай навукі і тэхнікі...

Гэта потым да многіх з нас дайшло, што публікацыю праекту праграмы КПСС савецкае кіраўніцтва прымеркавала да чарговай радаснай падзеі. Не паспелі той праект апублікаваць, як 6 жніўня ў космас паляцеў Герман Цітоў. Ды як! На 25 гадзін! І адтуль перадае вітанні народам Еўропы, Лацінскай Амерыкі, Савецкага Саюза...

Хіба пасля гэтага не паверыш хоць на момант у магчымасць пабудовы камунізму праз 20 гадоў?

Хіба на нейкі момант не адыдзе за задні план тое, што што

мільёны сялян нічога не атрымліваюць за працу ў калгасах, што бабы і дзяўчаты жнуць у полі сярпамі, што снапы падлеткі возяць на ток на вазах, што малоціць жыта конная малатарня, што вяскоўцы ходзяць яшчэ ў пасталах, а то і босыя, што школы туляцца ў прыстасаваных драўляных будынках, што ў краіне бездараж
, што вёсках па вечарах запальваюць лямпы, а то й лучыну?..
Бедная краіна рванулася ў космас. Чаму ж ёй не рвануцца ў камунізм
, пры якім кожны будзе працаваць па здольнасці і атрымліваць па патрэбнасці?

Гагарын і Хрушчоў на трыбуне Маўзалея. Тагачасны плакат.

Гагарын і Хрушчоў на трыбуне Маўзалея. Тагачасны плакат.

Ці верылі складальнікі праграмы ў камунізм?

Праект праграмы разгорнутага будаўніцтва камунізму апублікавалі ў канцы ліпеня – пачатку жніўня (друкарня ЦК КПБ не мела магчымасці змясціць увесь тэкст у адным нумары “Звязды” ці «Советской Белоруссии»), а з 17 кастрычніка ў Маскве два тыдні засядаў ХХІІ з’езд КПСС, якому належала гэтую праграму зацвердзіць. Да такое падзеі з бетону, шкла, мармуру ды граніту пабудавалі Крамлёўскі палац з’ездаў. Давялося разбурыць Ружэйную палату, перавезці цар-гармату і да т. п. Чаго не зробіш дзеля светлай будучыні?

Ці сапраўды партыйныя бонзы і спецыялісты ў галіне навуковага камунізму верылі ў магчымасць пабудовы камуністычнага грамадства?

Што ў магчымасць камунізму ў адной, асобна ўзятай краіне верыў Мікіта (інакш, як Мікітам, міжсобку яго ніхто не называў), у тым ніхто не сумняваўся: па ўсім было відаць, што мужык ён не надта вучоны. Пра гэта нават вясковыя дзядзькі казалі. Але ж там, у Маскве, не ўсе ж былі такія. Нехта ж з іх хоць бы Леніна чытаў. Пра тое, што сацыялізм перамагае толькі тады, калі забяспечвае больш высокую прадукцыйнасць працы ў параўнанні з капіталізмам.

Пра які ж камунізм магла быць мова, калі СССР на пачатку 1960-х адставаў ад Захаду, бадай, ва ўсіх галінах вытворчасці, калі спрэс стаялі шчыты з заклікам дагнаць і перагнаць Амерыку?

І толькі на пачатку ХХІ стагоддзя я прачытаў ва ўспамінах былога сакратара ЦК КПСС Дзмітрыя Шэпілава, што на момант прыняцця праграмы

ў КПСС быў адзін тэарэтык – Хрушчоў. Акадэмікі ж лічылі за лепшае не пярэчыць яму.
Не верачы ў магчымасць пабудовы камунізму ў СССР, “байцы ідэалагічнага фронту” аформілі Мікітавы мроі ў лагічна выбудаваны тэкст. Праз чатыры гады тыя ж “байцы” складуць новыя тэксты, у якіх абвінавацяць Мікіту Сяргеевіча ў пражэкцёрстве і валюнтарызме.

Залатыя прыбіральні, або пражэкцёрства як рыса бальшавізму

Ёсць у мяне такое такое падазрэнне, што Хрушчоў хацеў дараўнаць Леніну і ўвайсці ў гісторыю як лідэр, пры якім таксама была прынятая праграма партыі. Ён нават адну формулу ў Леніна змалпаваў.

І

хрушчоўскае пражэкцёрства ішло ад Ільіча.
На ІІІ з’ездзе камсамола (кастрычнік 1920 г.) ён так і казаў дэлегатам: “Вы павінны пабудаваць камуністычнае грамадства”. Праз год з хвосцікам Ленін пісаў: “Калі мы пераможам у сусветным маштабе, мы, думаецца мне, зробім з золата грамадскія прыбіральні на вуліцах некалькіх самых вялікіх гарадоў свету”. А далей
Ленін пісаў: для таго, каб золата стала будматэрыялам для прыбіральняў, трэба “папрацаваць яшчэ... дзясятак-другі гадоў
з гэткай жа напругай і з такім жа поспехам, як у 1917–1921 гадах, толькі на больш шырокім полі”.

А ці не ў Леніна Мікіта запазычыў і лічбу “20”, і саму ідэю, што “цяперашняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме”?

Сталіна яшчэ не вынеслі

Хрушчову нядоўга давялося пакіраваць будаўніцтвам камунізму: пра тры гады пасля прыняцця партыйнай праграмы яго скінулі з усіх пасадаў. Спачатку паведамілі, што ў сувязі з станам здароўя, а потым з’явіліся словы пра валюнтарызм і пражэкцёрства...

Не трэба думаць, што КПСС пасля яго ўзначалілі рэалісты-прагматыкі.
Адна Харчовая праграма 1982 года колькі анекдотаў нарадзіла...

Бюракратыя не магла дараваць Сяргеевічу новыя нормы ў статуце КПСС. Паводле іх, партыйныя бонзы не маглі быць выбраныя на адну і тую ж пасаду больш як на два тэрміны запар, на восем гадоў. На наступным з’ездзе КПСС (1966) яе са статута выдалілі. Леанід Брэжнеў уцараваўся на 18 гадоў. СССР ўступіў у перадапошнюю фазу свайго існавання.

Сапраўднае ж значэнне ХХІІ з’езду КПСС не ў прыняцці нейкай статутнай нормы ці праграмы будаўніцтва камунізму, а перш за ўсё

ў рашэнні аб вынасе цела Сталіна з маўзалея.
Партрэты генералісімуса зніклі са сцен устаноў і арганізацый, а ягоныя стоды – з п’едэсталаў... У гэтым сапраўды гістарычная заслуга Мікіты Хрушчова, і ў гэтым яго віна перад партбюракратыяй.

Мікіту

Хрушчову прыпісваюць словы: лёгка вынесці Сталіна з маўзалея, але цяжка – з душаў, са свядомасці.
Залатыя словы. Вынас Сталіна – і мы гэта бачым штодзённа – яшчэ працягваецца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?