Працягнуць руку дыктатару, які душыць дэмакратыю, каб выратаваць незалежнасьць Беларусі, альбо пагадзіцца на «дэмакратызацыю» Беларусі з дапамогаю спэцслужбаў Крамля?

Перад такой дылемай апынуўся Эўразьвяз. Як суседка Беларусі і як краіна, якая хоча ўплываць на палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да Ўсходняй Эўропы, Польшча павінна знайсьці адказ на гэтае пытаньне хутчэй за Брусэль.

Час ужо нарэшце польскаму паслу зьявіцца ў Менску — бяз гэтага цяжка праводзіць сэнсоўную палітыку. Калі мы толькі ня хочам, каб Эўразьвяз шукаў паразуменьня з Лукашэнкам праз пасярэдніцтва пасла Нямеччыны альбо Францыі — як гэта адбываецца цяпер.

Дэпутат Эўрапарлямэнту Конрад Шыманскі кажа, што гэтую дылему трэба нарэшце вырашыць: «Гэта папраўдзе д’ябальскі выбар, але мне здаецца, што Эўропа павінна даць сыгнал, што яна гатовая да размоў з Лукашэнкам. Відавочна, такім чынам, каб гэта не выглядала так, што яна кідаецца ў абдымкі дыктатара. Альтэрнатыва — пагадзіцца на дамінаваньне Расеі».

Беларуска‑расейская вайна мытаў на нафту, транспартаваную на Захад, у чарговы раз паказала, што Масква разглядае Беларусь як частку сваёй сфэры ўплыву, а ў будучыні — частку адбудаванай імпэрыі. Шыманскі кажа, няцяжка ўявіць, што наступнік Лукашэнкі падпіша з Расеяй дамову пра інтэграцыю. Гэты наступнік будзе спасылацца на ўзор Эўразьвязу, на тое што часы вялікіх блёкаў трэба інтэгравацца і г.д.

Пакуль Лукашэнка чарговы раз выкруціўся, але, выглядае, Пуцін ужо падпісаў вырак: так ці інакш зрынуць ягоны рэжым, пасадзіць на трон прарасейскіх палітыкаў і ажыцьцявіць «інтэграцыю» Беларусі з Расеяй. Дзеля гэтай мэты Расея спансіруе расколы ў беларускай апазыцыі і раз‑пораз паказвае, хто насамрэч мае ўладу над беларускай гаспадаркай.

Ад пэўнага часу расейскія дыпляматы пачалі казаць сваім калегам з краінаў ЭЗ, што могуць дапамагчы ва ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі, дзе, заўважаюць яны, абуральна парушаюцца правы чалавека. Частка прарасейскіх дзяржаў Эўразьвязу гатовыя на гэта купіцца. Роля Польшчы — растлумачыць іншым, што гэта няправільны кірунак.

Нашыя размовы з чыноўнікамі сьведчаць, што і польскае МЗС, і канцылярыя прэзыдэнта Леха Качынскага ўсьведамляюць, што расейская дыпляматыя вядзе гульню з Захадам, гульню на Беларусь. Роляй Польшчы магло б стаць выкрыцьцё гэтага, а таксама падтрымка сапраўднай апазыцыі, каб тая была гатовая, калі прыйдзе час, да зьмены каравулу ў Менску.

Таксама вядома, што вядзе гульню і Лукашэнка. Ён ужо ня раз зьвяртаў пагляд на Захад. Так было, калі Расея прыціскала яго да сьценкі, напрыклад, калі закручвала газавы кран у 2004 годзе. Калі ж ён дамаўляўся з Пуціным, зноў вярталася тое самае: перасьледы апазыцыі, ціск на свабодныя СМІ, правакацыі.

Дыпляматы ў Варшаве і Брусэлі засьцерагаюць, што гэтым разам Лукашэнка можа толькі цягнуць час. Тым больш, што ягоным прыязным словам у адрас ЗША і ЭЗ некалькі тыдняў таму спадарожнічаў фарс зь мясцовымі выбарамі, якія былі праведзеныя ў сапраўдным сталінскім духу, а таксама чарговая хваля арыштаў.

Перамовы з Лукашэнкам — гэта танец на хісткай вяроўчыне. Але палітыка ізаляцыі рэжыму не прыносіць вынікаў. Таму трэба нагадаць Лукашэнку, што ён мусіць зрабіць пэўны жэст, які паказаў бы, што ён сапраўды хоча паляпшэньня стасункаў з Захадам.

Такім жэстам магло б стаць вызваленьне апазыцыянэра Аляксандра Казуліна. Гэта, зразумела, плян‑мінімум, бо трэба патрабаваць болей. Лукашэнка павінен таксама вызваліць шэраг іншых апазыцыянэраў, каб апазыцыя не баялася, што Захад сваімі перамовамі з Лукашэнкам здрадзіць ёй і кіне на волю лёсу.

Эўропа паступова мяняе сваё стаўленьне да Менску. Палітыку перабрэхаў і санкцый зьмяняе прынцып пугі і перніка. У лістападзе Эўрапейская камісія абвясьціла новую стратэгію ў дачыненьні да Беларусі. Ёй прапанавая палітыка супрацоўніцтва, раней зарэзэрваваная для Ўкраіны і Малдовы, у замен на дэмакратычныя перамены. Для простых беларусаў самае важнае — спрашчэньне візавых фармальнасьцяў.

Брусэль выстаўляе 12 умоў. Найважнейшыя зь іх — спыненьне перасьледу апазыцыі, вызваленьне палітвязьняў і гарантыі незалежнасьці для СМІ, а ў будучыні — свабодныя выбары.

Ня сьлед весьці перамовы ў Лукашэнкам без папярэдніх умоваў. Трэба яго прымусіць зрабіць выбар. Заходняя дэмакратыя ня можа выкарыстоўваць мэтады, якія ўжывае Расея. Такім чынам, не застаецца нічога іншага, як толькі — магчыма, наіўна — верыць у цуд у Менску. Але нават цуду можна дапамагчы.

Ілюстрацыя mosnews.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?